«Крык душы» пра зьнішчэнне кутка жывой прыроды
Мясцовая жыхарка Тацяна Селязьнёва піша ў Фэйсбуку:
«Паміж вуліцамі Багатырова і Фрадкіна знаходзяцца зялёная выспачка, дзе растуць 10 дубоў. З-пад іх б'юць ключы, якія напаўняюць вадой невялікае возера. Летам мясцовыя рыбакі ловяць тут карасёў, а ўзімку возера ператвараецца ў каток, на радасьць дзецям і дарослым. Над новабудоўлямі не змаўкаюць сьпевы салаўёў… Сёньня сюды падагналі трактар і экскаватар, якія павінны зьнішчыць, закапаць і ўтрамбаваць зялёную выспачку пад пляцоўку для будаўніцтва школы – паводле словаў будаўнікоў. Многія скажуць: школа важней. А хіба школе не прыдасца парк з дубоў, пад галінамі якіх можна распавядаць пра прыроду?»
Зялёная выспа, якую вырашана «зраўняць зь зямлёй»
На думку тутэйшых жыхароў, мікрараёнам новабудоўляў «Білева» катэгарычна бракуе зялёных насаджэньняў – каля дамоў толькі зрэдку можна ўбачыць чэзлыя маладыя дрэўцы. Таму купка дубоў сапраўды выглядае прывабна пасярод «каменных джунгляў». А вось невялікі вадаём вымагае ачысткі. Зрэшты, жыхары вакольных дамоў таксама гатовыя далучыцца да гэтай працы.
Вадаём, які мог бы стаць прывабным кутком адпачынку
Тыповы выгляд зялёных насаджэнняў сярод білеўскіх камяніцаў
Аднак сёньня на пад’ездах бліжэйшых дамоў вісіць аб’ява з просьбай ня ставіць у двары машыны: маўляў, вядзецца добраўпарадкаваньне тэрыторыі, і да «зялёнага кутка» патрэбны праезд спэцтэхнікі.
Аб’ява на пад’езьдзе
Пра будаўніцтва школы ў аб’яве няма ні слова. Хаця бацькі патэнцыйных вучняў лічаць, што школа ў Білеве патрэбная яшчэ болей, чымся зялёныя насаджэньні. Тацяна, маці траіх дзяцей, разважае:
«Мы ўсе глядзелі плян забудовы ў інтэрнэце, побач з нашым домам заплянаваны стадыён, а далей – школа і дзіцячы садок. Праўда, невядома, калі пачнуць будаўніцтва. Бо ў Білеве ёсьць школа №46, а школу №47 так і не збудавалі. Сказалі, што няма грошай. Адкуль жа яны раптам возьмуцца на гэтую, №48?»
Хіба дубы былі б пры школе лішнія?
Сёньня школа №46 – адна на тры мікрараёны
Сытуацыя з навучальнымі ўстановамі тут насамрэч катастрафічная. Будаўніцтва новых мікрараёнаў, якія пасьлядоўна называюцца «Білева-1», «Білева-2», «Білева-3» і гэтак далей, пачалося ў 2005 годзе. У «Білеве-1» давалі кватэры шматдзетным сем’ям, моладзі, якая будавалася за кошт крэдытаў, і насельніцтва мікрараёну хутка пераўзыйшло заплянаваныя 12 тысяч. Не адразу, але зьявілася тут і першая мясцовая школа №46 на 1 200 месцаў, якая карысталася ажыятажным попытам. Дзяцей школьнага ўзросту ў «Білеве-1» было ў разы болей. Таму школа, набраўшы больш за 2 тысячы вучняў, адразу пачала працаваць у тры зьмены. І тое шмат каму з бацькоў давялося ўладкоўваць дзяцей у іншыя, «гарадзкія» школы. Адпаведна, зьявіліся праблемы зь недахопам транспарту ды іншыя нязручнасьці…
Так выглядаў катлаван пад падмуркі СШ №47 у 2016 годзе (архіўнае фота)
Тым часам па падобным праекце ўзьвялі мікрараён «Білева-2». І дзеці навасёлаў таксама памкнуліся былі ў школу №46, якая даўно не зьмяшчае ўсіх ахвотных. На будаўніцтва ж наступнай школы №47 на 930 месцаў грошай не хапіла. Больш таго: на распачатай, але «замарожанай» будоўлі здарылася трагедыя – улетку 2016-га году ў катлаване, вырытым пад фундамэнт, патануў 6-гадовы хлопчык. У вялізнай яміне з часткай падмуркаў шмат гадоў стаяла вада, тэрыторыя не ахоўвалася, будаўнічы плот за колькі год пасля спыненьня будоўлі проста пачаў развальвацца – усё гэта разам прывяло да непапраўнага няшчасьця.
Будаўніцтва школы ў «Білеве-2» распачалося ў 2012 годзе. І ня скончылася (архіўнае фота)
Гарадзкія ўлады далі распараджэньне закапаць катлаван, каб трагедыя не паўтарылася. Такім чынам, грошы, выдаткаваныя ў 2012 годзе на пачатак будаўніцтва школы №47, былі закапаныя ў зямлю – у самым літаральным сэнсе. Цяпер на месцы плянаванай школы – пустэча і сьмецьце. А таксама вялікая лужына, у якой абжыліся качкі: тут балоцістыя мясьціны, і ў любой ямцы вада зьбіраецца вельмі хутка...
Засыпаны катлаван
Зьлева – лужына, якую ўпадабалі качкі і чайкі
Навошта зьнішчаць прыроду дзеля будаўніцтва, на якое няма грошай?
Паводле афіцыйных зьвестак, у інвэстыцыйнай праграме на 2017 заплянавана выдаткаваньне сродкаў на будаўніцтва школы ў мікрараёне «Білева-2» (№33 ў пераліку аб’ектаў). Пра школу ў «Білеве-3» нават не згадана.
Віцебчукі ведаюць пра яе толькі з пляну забудовы, разьмешчанага на сайце ўправы капітальнага будаўніцтва. Калі накласьці плян на канкрэтную мясцовасьць, то становіцца відавочным, што школу №48 вырашылі будаваць у нізіне, непадалёк ад прыроднага вадаёму. Таго самага, за добраўпарадкаваньне якога выступаюць мясцовыя жыхары.
Пакуль тут яшчэ можна вудзіць рыбу
На думку спадарыні, якая часта вудзіць рыбу непадалёк ад уласнага дому, захады па зьнішчэньні сажалкі і купкі дубоў каля яе – суцэльная паказуха:
«Калі на будаўніцтва школы №47 не знайшлося грошай, дык адкуль яны возьмуцца на №48? Яшчэ тую, заплянаваную раней, не збудавалі, а ўжо нібыта абяцаюць нашу. Ня будзе тут нічога! Я размаўляла з трактарыстам, які тут працуе. Той сказаў: «Гэта Лукашэнка загадаў, каб да 1 чэрвеня тут нічога не было!» Маўляў, наперадзе «Славянскі базар», і трэба, каб усё было чыста-гладка».
Трактар падбіраецца да «зялёнай выспы»
Ад вуліцы імя Марка Фрадкіна ў мікрараёне «Білева-3» да летняга амфітэатру, дзе ў час фэстывалю гучаць творы кампазытара-песеньніка, кілямэтраў каля 7-8. Калі б Аляксандру Лукашэнку захацелася паглядзець на раён тутэйшых новабудоўляў, то гэта зрабіць лёгка: пляцоўку трамбуюць якраз узбоч дарогі, якая вядзе зь Менску на Віцебск цераз Барысаў. На будаўніцтва школы №48 грошай няма, але ж яшчэ ў 2015 годзе віцебскія чыноўнікі заяўлялі, што «заклалі школу ў «Білеве-3» і там вядуцца будаўнічыя працы».
«Будаўнічыя працы» напраўду выглядаюць вось так
Падобная сытуацыя адбылася з паліклінічным комплексам, які мусіў абслугоўваць жыхароў «білеўскіх» мікрараёнаў, колькасьць якіх ужо сягнула за 30 тысяч. Паліклініку, абяцаную яшчэ ў 2012 годзе, не збудавалі дагэтуль. 5 гадоў таму на месцы пэрспэктыўнага будаўніцтва ўрачыста закапалі ў зямлю сымбалічную капсулю. Сёньня тое месца «білеўцы» нават ня могуць прыгадаць: відаць, на вызначанай пад паліклініку тэрыторыі ўжо пасьпелі ўзьвесьці крамку.
«Зялёную выспу» зьнішчаюць
Што да «зялёнай выспы» ў «Білеве-3», то ў праекце няма нічога, падобнага да парку з вадаёмам. Жыхары маюць падставы меркаваць, што маляўнічы куток бяздумна зьнішчаць для справаздачы, а на ўтворанай голай пустэчы так нічога і не пабудуюць праз брак сродкаў. Паводле праектантаў, грошы на «зону адачынку» трэба выдаткаваць асобна – каб «трансфармаваць бліжэйшы лясны масіў у парк і лесапарк».
Зону адпачынку хочуць зрабіць за дарогай, хаця на яе грошай няма таксама
Браніслава Станкевіч