Рэалізатарам праекту ў Віцебску стала НКА «Прастора», Цэнтар урбаністычных праектаў і ініцыятываў, далучыўшыся да руху «Клімат, застанься!». Асноўная мэта кампаніі – прыцягнуць увагу насельніцтва да праблемы кліматычных зьменаў і глябальнага пацяпленьня.
Кансультантам падчас стварэньня маршруту выступіў кандыдат біялягічных навук, дацэнт катэдры батанікі ВДУ імя Машэрава Леанард Мяржвінскі.
– Яшчэ летам мы падрабязна вывучылі гэты кірунак, высьветлілі, якія там маюцца натуральныя, абарыгенныя для нашых шырот віды расьлін, а таксама інтрадуцэнты (гэта значыць вырашчаныя ў грунце за межамі арэалу іх прыроднага распаўсюду. – заўвага аўт.), – растлумачыў Леанард Міхайлавіч . – Мы глядзелі, якія дрэвы і хмызьнякі сустракаюцца ўздоўж вуліцы Калініна, на беразе Заходняй Дзьвіны. Можна шмат цікавага распавесьці пра іх біялягічныя адметнасьці, мяркую, такія экскурсіі спадабаюцца і жыхарам гораду, і турыстам.
У межах гэтай ініцыятывы для гараджан падрыхтавалі 300 кішэнных міні-мапаў. Іх будуць раздаваць ахвочым партнэры праекту: Віцебская абласная навукова-тэхнічная бібліятэка, турфірма «Ілва», катэдра батанікі ВДУ імя Машэрава, антыкафэ «7 пакояў», арт-прастора VZAP, гарадзкі партал GorodViciebsk.by. Увесну 2017-га па ўсёй лініі маршруту будуць нанесеныя фірмовыя піктаграмы, а тэкст экскурсіі стане дасяжны для запампоўкі ў інтэрнэце. Гэта дазволіць людзям падчас шпацыру па абласным цэнтры бліжэй пазнаёміцца са сваімі зялёнымі суседзямі, якія гэтак шмат робяць для ачышчэньня паветра.
Лілія Іўчанка, vitvesti.by