Разавыя прыбіраньні хоць на некаторы час і дапамагаюць падтрымаць канкрэтнае месца ў чысьціні, але капітальна праблему не вырашаюць. Прадугледжаныя штрафы, як паказвае практыка, таксама не зьяўляюцца эфэктыўным сродкам барацьбы за чысьціню. Што ж тады рабіць? Нікому ж не падабаецца жыць у брудзе.
Найперш удзельнікі круглага стала адзначылі, што звалкі сьмецьця адзін ад аднаго вельмі адрозьніваюцца. Так, за сьметнікі, якія ўтвараюцца каля гаражных каапэратываў, павінны адказваць старшыні гэтых каапэратываў, а самі ўладальнікі гаражоў абавязаныя ўдзельнічаць у масавых прыборках. Інакш – штраф. Адпаведна, праблему такіх сьметнікаў можна вырашыць з дапамогай штрафу.
Але штрафамі праблематычна вырашыць пытаньне сьметнікаў у прыватным сэктары, бо ў некаторых выпадках ёсьць аб'ектыўныя прычыны, з-за якіх насельніцтва ня можа "здаваць" сьмецьце толькі раз на тыдзень. І асобна трэба разглядаць сьметнікі ў прыгарадных лясох – тут яны ўтвараюцца з-за аматараў адпачыць на прыродзе, не захоўваючы чысьціню гэтай самай прыроды. Прычым у гэтым выпадку барацьбой са сьметнікамі павінны займацца не камунальнікі, а лясгас, работнікі якога і без таго вельмі загружаныя.
Абмеркаваньне было досыць гарачае – казалі і пра больш жорсткія пакараньні, і пра выхаваньне школьнікаў. У выніку ўдзельнікі круглага стала змаглі дамовіцца да таго, што праблему сьметнікаў павінны вырашаць і грамадзкія актывісты (працуючы над выхаваньнем насельніцтва, самі паказваючы прыклад), але сыстэмную работу па ачыстцы наяўных сёньня сьметнікаў павінны арганізаваць дзяржаўныя органы, для чаго напрацаваныя прапановы будуць дасланыя ў адпаведныя гарадзкія службы.