Адмысловае рашэнне пра прызнанне праекта «Лукашолкі» «экстрэмісцкім фармаваннем» прынята МУС 28 студзеня, і ў той самы дзень гэтая інфармацыя была апублікавана на сайце ведамства .
Youtube-канал «Лукашолкі» - гэта відэазборнік гумарыстычных і сатырычных міні-спектакляў, дзе галоўныя персанажы – дзве вясковыя жанчыны, якія каментуюць беларускія навіны «з тэлевізара» паводле ўласнага разумення.
У «экстрэмісцкім» спісе згадваюцца адразу некалькі Youtube-каналаў праекта і старонкак у TikTok , прыватныя старонкі Ганны Федаронак і Ганны Канавалавай у сацсетках, а таксама некалькі платфрмаў па зборы сродкаў на ажыццяўленне праекта і яго электронная пошта.
Раней Youtube-канал «Лукашолкі» і старонка ў TikTok ўжо прызнавалі «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».
Выканаўца ролі «бабы Галі» Ганна Федаронак вядомая і як заснавальніца шэлтара ў Варшаве, дзе прымаюць беларусаў, якія апынуліся ў вымушанай эміграцыі. Летась яе маёмасць на радзіме – дом у пасёлку Варапаева – была канфіскаваная.
У лютым 2023 года суд Пастаўскага раёну прызнаў «экстрэмісцкімі» старонкі актывісткі ў Фэйсбуку і ў «Одноклассниках». Летась у лютым Ганну Федаронак ўнеслі ў міждзяржаўную пошукавую базу, агульную для Беларусі і Расіі.
Яе калега па праекце Ганна Канавалава пасля арышту дачкі і зяця выехала за мяжу з двума ўнукамі. У Варшаве яна ўзяла пад амеку яшчэ двух падлеткаў.
Фёдар Мартынаў