Як падкрэсліў намеснік старшыні Мёрскага райвыканкама Яўген Нікалаёнак, работа ў гэтым накірунку вядзецца бесперапынна, для яе каардынацыі дзейнічае нават раённы штаб.
“Калі апісаць маштабную работу ў лічбах, то атрымаецца так: 50 грамадскіх суботнікаў у сельскіх населеных пунктах і адзін месячнік па навядзенні парадку побач з адміністрацыйнымі будынкамі вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння месцаў агульнага карыстання”, - паведаміў намеснік старшыні Мёрскага райвыканкама.
Па словах Яўгена Нікалаёнка, дзякуючы сумеснай рабоце ўсіх службаў, суб’ектаў гаспадарання і насельніцтва далучылі ў гаспадарчы абарот 142 га пустых зямель і 23 надзелы агульнай плошчай 5,2 га. Гэта стала магчымым у тым ліку дзякуючы абследаванню жылых дамоў, каб прызнаць іх пустымі і старымі. На 1 студзеня ў раёне знеслі 55 аб’ектаў, з іх 44 за кошт раённага бюджэту, з пяццю разабраліся іх уласнікі. Туркоўская і цітоўская гаспадаркі прадалі за базавую велічыню па два дамы, яшчэ адзін пайшоў з аўкцыёну.
Згодна з заканадаўствам, парадак на прыдамавой тэрыторыі – абавязак яго гаспадара, нагадвае сайт mijory.by. Раённая інспекцыя аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя праводзіла тлумачальную работу сярод насельніцтва Мёршчыны, арганізоўвалі наглядныя мерапрыемствы спецыялісты цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, правяраў захаванне зямельнага заканадаўства аддзел землеўпарадкавання. Летась улады Мёршчыны выдалі 335 адпаведных прадпісанняў.
Мінулай вясной на Мёршчыне прымусілі працаваць і грамадзян, не занятых у эканоміцы, іх далучылі да закладкі скверу ў вёсцы Пераброддзе.
На Мёршчыне дзейнічаюць два палігоны па зборы камунальных адходаў – у Мёрах і Дзісне. Цэнтралізавана вывозіць смецце са 111 населеных пунктаў жыллёва-камунальная гаспадарка. На 1 студзеня колькасць заключаных дагавораў на гэтую паслугу была 3 585. У сельскай мясцовасці імі ахоплена 67 % насельніцтва, у агульным па раёне – 83 %.
Але на Мёршчыне існуе і шэраг праблемаў з недахопам кантэйнераў для збору камунальных адходаў ці іх неналежнае ўсталяванне, несвоечасовы вываз смецця, рамонт мясцовых дарог, навядзенне парадку на прыдамавых тэрыторыях. Вядзецца барацьба з інвазіўнымі раслінамі – выяўлена і апрацавана 320 месцаў вырастання на плошчы 280 га.
Увогуле летась на добраўпарадкаванне населеных пунктаў ЖКГ Мёршчыны выкарыстала звыш 2 мільёнаў рублёў. У тым ліку на ўтрыманне і рамонт аб’ектаў, замену знешняга асвятлення, падтрыманне стану прыдамавых тэрыторый, азеляненне, рамонт вулічна-дарожнай сеткі.
Напрыканцы выказаўся і кіраўнік Мёрскага раёна Сяргей Сямёнычаў, які сказаў, што ў навядзенні парадку на зямлі патрэбна сістэмнасць, каб не проста вырашаць бягучыя пытанні, а працаваць на апярэджанне.
“Паказваць гэтую работу неабходна сваім прыкладам. Каб кожны ў першую чаргу навёў парадак у сваім двары, на сваёй вуліцы. Тады чысціня запануе паўсюль”, - падсумаваў старшыня Мёрскага райвыканкама.
Зінаіда Норкіна