Уладзімір Андрэйчанка нарадзіўся у Лёзненскім раёне, скончыў Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, пазней атрымаў вышэйшую адукацыю, таксама ў сферы сельскай гаспадаркі. Першая пасада – аграном у калгасе. А пасля службы ў арміі Уладзімір Андрэйчанка , як кажуць, «пайшоў па камсамольскай лініі». У 1981-1991 гадах працаваў у Лёзненскім райвыканкаме - спачатку кіраўніком аддзела сельскай гаспадаркі, потым старшынём райвыканкама. У 1991-м годзе Андрэйчанка пераехаў у Віцебск, бо яго прызначылі першым намеснікам старшыні аблвыканкама, адказным зноў-такі за сельскую гаспадарку. У 1994 годзе ён узначаліў абласное кіраўніцтва: быў старшынём аблвыканкама да 2008 года. Асаблівага росту сельская гаспадарка рэгіёна пад ягоным кіраўніцтвам не дасягнула, але «Народныя Навіны Віцебска» адзначаюць, што падчас падчас працы Андрэйчанкі на пасадзе старшыні аблвыканкама ў Віцебску актыўна аднаўляліся знішчаныя храмы і адраджалася гістарычнае аблічча горада.
Такім чынам, у Віцебску Уладзімір Андрэйчанка пражыў усяго 14 гадоў. У кастрычніку 2008 г. ен пераехаў у Мінск, дзе стаў старшынём Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Гэтую пасаду ён займае і дагэтуль.
Свайму чарговаму Ганароваму грамадзяніну Віцебск павінны аказваць не толькі павагу, але і плаціць грошы: пры прысваенні звання "Ганаровы грамадзянін" за кошт сродкаў гарадскога бюджэту выплачваецца аднаразовая грашовая ўзнагарода ў памеры 50 (пяцідзесяці) базавых велічынь.
Асобам, якім нададзена званне "Ганаровы грамадзянін", за кошт сродкаў гарадскога бюджэту дадаткова прадастаўляецца магчымасць па запрашэнні гарвыканкама адзін раз у год 5 дзён бясплатна жыць у гатэлі, бясплатна прыехаўшы ў Віцебск і назад на сталае месца жыхарства. Апрача гэтага, калі «Ганаровага грамадзяніна» запрашаюць на гарадскую імпрэзу, то гарвыканкам мусіць узяць на сябе выдаткі ў памеры 30 базавых велічынь (на дадзены момант гэта 1110 рублёў). Такія самыя выдаткі горад павінны ўзяць на сябе ў выпадку смерці «Ганаровага грамадзяніна», а потым па рашэнні гарвыканкама за кошт бюджэтных сродкаў памерламу ўсталююць надмагільны помнік і паставяць агароджу – на гэта прадугледжана сума да 150 базавых велічынь.
Генадзь Мухтараў