Паводле інфармацыі з міліцэйскіх структур, у большай ступені з гэтым сутыкаюцца ўчастковыя інспектары міліцыі, супрацоўнікі крымінальнага вышуку, патрульна-паставой службы міліцыі, ДАІ.
Выконваючы службовыя абавязкі супрацоўнік міліцыі з'яўляецца службовай асобай і ён мае права патрабаваць ад грамадзян захавання законнасці і парадку, а грамадзяне абавязаны выконваць гэтыя законныя патрабаванні, таксама, у межах сваёй кампетэнцыі, праваахоўнік мае права затрымаць грамадзяніна, які ўчыніў правапарушэнне і даставіць яго ў орган унутраных спраў для далейшага разбору.
Але, заўважым, грамадзяне павінны выконваць ЗАКОННЫЯ патрабаванні міліцыянтаў, а не ўсе іх патрабаванні. Але пра што тут казаць, калі Беларусь ужо даўна жыве не па законах, а пасля 2020 года бязмежжа сілавых структур толькі ўзмацнілася. А рэжым Лукашэнкі стаў сцяной за кожнага міліцыянта, які служыць яму.
Але міліцыянты ў праўладных СМІ застрашваюць людзей і пішуць пра тое, чым заканчваюцца спробы прынізіць так званыя гонар і годнасць чалавека ў пагонах, аказаць яму непадпарадкаванне, супраціў ці перашкаджаць выкананню законных патрабаванняў, пагражаць гвалтам ці прымяніць гвалт у дачыненні да міліцыянта.
За абразу службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў (Артыкул 24.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях) - прадугледжана накладанне штрафу памерам ад 20 да 30 базавых велічынь. Тое ж дзеянне, учыненае ў публічным выступе, або ў друкаваным або ў творы, які публічна дэманструецца, або ў сродках масавай інфармацыі, або ў інфармацыі распаўсюджанай у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт, іншай сетцы электрасувязі агульнага карыстання цягне накладанне штрафу памерам ад 10 да 200 базавых велічынь, ці грамадскія працы ці адміністрацыйны арышт.
Аднак, калі абраза прадстаўніка ўлады або яго блізкіх у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, учынена ў публічным выступе, або ў друкаваным або ў творы, які публічна дэманструецца, або ў сродках масавай інфармацыі, або ў інфармацыі, размешчанай у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт, то гэта, у адпаведнасці з артыкулам 369 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь "Знявага прадстаўніка ўлады", лічыцца злачынствам і вінаваты можа панесці пакаранне да трох гадоў пазбаўлення волі са штрафам.
З пачатку 2023 года ў Глыбоцкім раёне ў дачыненні да 25 чалавек супрацоўнікі РАУС склалі пратаколы за абразу міліцыянтаў, усіх прыцягнулі да адказнасці.
Акрамя гэтага міліцыянты нагадваюць, што яны маюць права на прад'яўленне іску ў дачыненні да правапарушальніка за прычыненне маральнай шкоды.
За непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў Глыбоцкага РАУС да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 24.3 КаАП (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) за 8 месяцаў 2023 года складзена ў адносінах грамадзян 33 пратаколы.
Як міліцыянты тлумачаць паняцці “непадпарадкаванне і супраціў”?
Непадпарадкаванне - пасіўныя дзеянні, якія выяўляюцца ў невыкананні законных патрабаванняў супрацоўнікаў міліцыі: спроба сесці, а не ісці, уцячы, а не прайсці ў машыну. Згодна з артыкулам 24.3 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, яно цягне накладанне штрафу памерам ад 2 да 100 базавых велічынь, або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт.
Супраціў – актыўныя дзеянні, накіраваныя на супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку штуршкі, хапанне за адзенне, экіпіроўку, пагоны, удары і нават укусы. За гэта прадугледжана ўжо крымінальная адказнасць. Супраціўленне міліцыянту або іншай асобе, якая ахоўвае так званы грамадскі парадак, у адпаведнасці з артыкулам 363 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, караецца штрафам або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін. Варта адзначыць, што пад супрацівам трэба разумець актыўнае супрацьдзеянне ажыццяўленню работнікам міліцыі ці іншым асобам абавязкаў па ахове грамадскага парадку.
Тое ж дзеянне, учыненае групай асоб або спалучанае з прымяненнем гвалту або пагрозы яго прымянення, караецца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін да сямі гадоў.
Артыкул 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да сямі гадоў за гвалт або пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў або яго блізкіх.
За ўздзеянне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай змянення характару яго законнай дзейнасці шляхам пагрозы знішчэннем або пашкоджаннем маёмасці або распаўсюджваннем паклёпніцкіх або абвяшчэннем іншых звестак, якія ён жадае захаваць у таямніцы, або шляхам выкарыстання службовай асобай сваіх службовых паўнамоцтваў у адпаведнасці з артыкулам 365 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь "Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў" прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу, або арышту, або пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў.
Напрыканцы артыкула ў глыбоцкай раёнцы міліцыянты паведамляюць пра тое, што няма сэнсу аказваць ім супраціў, бо за гэта можна апынуцца за кратамі.
Так, у Беларусі міліцыянты і службоўцы іншых сілавых структур абаронены, як ніхто іншы. Бо менавіта дзякуючы сілавым структурам, якія займаюцца рэпрэсіямі і катуюць беларусаў, і ўтрымліваецца цяперашні рэжым Лукашэнкі.
Але ці доўга ён яшчэ пратрымаецца, невядома, а адказаць за свае здзекі над беларусамі давядзецца ў сваю чаргу і міліцынтам, і іншым прыслугачам рэжыму.
Таццяна Громава