Пятніца, 30 Чэрвень 2023

“Пра негатыўны ўплыў на грамадства” на Лепельшчыне

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Як піша сайт лепельскай раёнкі lepel-kraj.by, на пасяджэнні так званай  Рады грамадскага пункта аховы правапарадку, былі праведзеныя прафілактычныя гутаркі з 10 грамадзянамі, якія, паводле ўладаў, парушалі закон і стваралі негатыўны ўплыў на грамадства.

Сярод гэтых асоб былі тыя, хто злоўжывае алкаголем, сямейныя скандалісты, якія нядаўна вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі. Таксама лепельскія  ўлады ў гэты спіс уключылі грамадзян, якіх прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюджванне так званай “экстрэмісцкай інфармацыі”. Мясцовая раёнка піша, што ў рамках прафілактычных гутарак ім было нагадана аб важнасці захавання закона, нормаў маралі і этыкі, а таксама аб наступствах іх дзеянняў для грамадства і для саміх сябе.

Улады лічаць, што такія меры, як прафілактычныя гутаркі, дапамагаюць папярэдзіць магчымыя правапарушэнні і садзейнічаюць фармаванню правільных каштоўнасцяў у грамадстве. Яны думаюць, што дзякуючы такому ўзаемадзеянню з парушальнікамі, ёсць шанец на іх рэабілітацыю і вяртанне ў грамадства як паўнацэнных грамадзян.

А паняцце  “паўнацэнныя грамадзяне” яны, відаць, трактуюць такім чынам – гэта тыя, хто згодны з бязмежжам, беззаконнем, гвалтам і здзекамі над сваімі ж грамадзянамі. Сапраўды, скалечаная нацыя, людская псіхіка, мараль.

Ірына Ёлкіна