Серада, 24 Май 2023

Ва Ушацкай ЖКГ улады стварылі пярвічку "Белай Русі"

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Яна з’явілася нядаўна і стала ўжо 38-й па ліку на Ушаччыне. Да яе далучылася 25 работнікаў на чале з дырэктарам Андрэем Сідзюком.

Уручаючы членскія білеты, кіраўніца раённай арганізацыі "Белая Русь" і старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Марковіч выказала ўпэўненасць, што пярвічка будзе актыўнай, бо камунальнікі заўсёды прымаюць удзел у грамадска-палітычным жыцці раёна. Яна зазначыла, што ў іх кагорце не толькі вопытныя работнікі, але і моладзь.

Паводле статыстыкі, самая буйная ва Ушацкім раёне пярвічная арганізацыя - у аддзеле ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, у ёй налічваецца 59 актывістаў. У "Белай Русі" на Ушаччыне шмат педагогаў, работнікаў райвыканкама, ТЦСАН.

Вось толькі, ці самі людзі з задавальненнем і мэтанакірвана самі туды ўступаюць, ці іх прымушаюць гэта рабіць улады, старшыня “Белай Русі” на Ушаччыне Наталля Марковіч так і не паведаміла.

Браніслава Голуб