Панядзелак, 17 Красавік 2023

У Браслаўскім раёне ў базу дармаедаў уключылі 10% усяго насельніцтва раёна

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У Браслаўскім раёне на дадзены момант налічваецца звыш 2,5 тысячы чалавек, уключаных у базу даных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы. Піша сайт braslav-star.by. Гэта складае 10% ад усяго насельніцтва раёна, бо па дадзеных за 2018 год у раёне жыве 25.5 тысяч чалавек.

Фармаванне спісу такіх грамадзян, якія абавязаныя у Беларусі аплачваць жыллёва-камунальныя паслугі па тарыфах, якія забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічных затрат на іх аказанне, вядзе пастаянна дзейная камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Такія камісія створаныя ва ўсіх раённых цэнтрах Віцебшчыны.

Гэтыя камтісіі прымаюць рашэнні аб поўным або частковым вызваленні такіх працаздольных грамадзян ад аплаты паслуг з кампенсацыяй затрат у сувязі са знаходжаннем у цяжкай жыццёвай сітуацыі або пры прадастаўленні дакументаў, якія пацвярджаюць афіцыйную занятасць або самазанятасць.

Але, як піша сайт раённай газеты, асноўная задача, якую выконвае дадзеная камісія, - садзейнічанне ў працаўладкаванні людзям, часова не занятым у эканоміцы. Для вырашэння гэтай праблемы на галоўнай старонцы афіцыйнага сайта Браслаўскага райвыканкама размешчана спасылка на рубрыку "Дэкрэт № 3" з поўнай інфармацыяй аб рабоце камісіі і алгарытм дзеянняў грамадзян, звесткі пра якіх выключаюцца з базы даных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, прыкладны пералік аб'ектыўных абставін, якія могуць быць аднесены да цяжкіх жыццёвых сітуацый. Таксама падаецца электронная пошта камісіі, на якую грамадзяне маюць права прадстаўляць дакументы, якія пацвярджаюць іх занятасць.

Акрамя таго, камісія аказвае кансультатыўную, метадычную і прававую дапамогу па пытаннях працаўладкавання або самазанятасці. У прыватнасці, запрашае браслаўчан, не занятых у эканоміцы, азнаёміцца з варыянтамі працаўладкавання, навучання (перападрыхтоўкі) па прафесіях, запатрабаваных на рынку працы, умовамі рэгістрацыі ў якасці беспрацоўнага.

Як піша сайт braslav-star.by, быццам істотную дапамогу ў садзейнічанні занятасці насельніцтва аказваюць дэпутаты Браслаўскага раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў. У прыватнасці, гэтыя пытанні разглядаюцца на пасяджэннях грамадскіх пунктаў аховы правапарадку сельвыканкамаў. Практыкуюцца таксама выязныя пасяджэнні камісіі з персанальным удзелам старшынь сельсаветаў.

А заключаецца гэтая так званая істотная дапамога ў тым, каб проста даваць людзям рэкамендацыі, быццам яны не ведаюць самі, як уладкавацца на працу.

Так, на апошняй нарадзе, якая прайшла ў Відзаўскім сельсавеце, з 10 грамадзян, запрошаных на пасяджэнне, некаторыя атрымалі ад членаў камісіі рэкамендацыі па афіцыйным афармленні працоўных адносін, іншым жа было прапанавана садзейнічанне ў рэальным працаўладкаванні.

Толькі вось колькі чалавек канкрэтна ўладкавалі чыноўнікі, сайт мясцовай раёнкі так і не паведамляе.

Інга Сташэўская