Антон Васілевіч раіць бацькам пільна сачыць за старонкамі сваіх дзяцей у сацыяльных сетках, каб своечасова правесці прафілактычную гутарку і выдаліць «шкодны» кантэнт. Пры гэтым пракурор супакойвае дарослых, што найчасцей падлеткі не маюць глыбокіх «дэструктыўных» перакананняў, а перадрукоўваюць матэрыялы з «экстрэмісцкіх» рэсурсаў проста для прыцягнення да сябе ўвагі.
Пры гэтым супрацоўнік пракуратуры вынайшаў вельмі арыгінальны спосаб вызначаць, ці з’яўляецца той ці іншы матэрыял «небяспечным» з кропкі гледжання заканадаўства, і падзяліўся ўласным вынаходніцтвам праз абласную газету «Витебские вести». Паводле Антона Васілевіча, зусім не абавязкова звярацца з афіцыйным спісам экстрэмісцкіх матэрыялаў, размешчаным на сайце МУС. Маўляў, дастаткова «уключыць логіку і розум» ды прааналізаваць, ці ўтрымлівае тэкст або відэа інфармацыю, якая «абражае Беларусь, кіраўніцтва краіны, супрацоўнікаў праваахоўных органаў».
З такім падыходам у «экстрэмісцкія матэрыялы» можна смела запісваць любы крытычны матэрыял, які ўскрывае недахопы ў жыцці краіны. У тым ліку артыкулы дзяржаўных СМІ, калі яны хоць і рэдка, але асмельваюцца раскрытыкаваць працу транспарту, камунальнай гаспадаркі ці АПК.
Станіслаў Іваноўскі