Паводле яе словаў, суполка БХД Віцебшчыны – адна з найвялікшых у краіне. Гэта больш за тысячу сяброў і прыхільнікаў, якія падзяляюць каштоўнасьці хрысьціянскай дэмакратыі. Праўда, у якасьці заснавальнікаў ад вобласьці выступаюць усяго 190 асобаў. І гэтаму ёсьць свае прычыны.
Спадарыня Тацяна, раскажыце, калі ласка, чаму з той вялікай колькасьці прыхільнікаў хрысьціянскай дэмакратыі ў Віцебскай вобласьці ў сьпісы заснавальнікаў трапілі ўсяго 190 грамадзянаў?
Што тычыцца Віцебскай вобласьці, магу запэўніць: усе працэдуры па вылучэньні дэлегатаў на ўстаноўчы зьезд былі выкананыя ў поўнай адпаведнасьці з заканадаўствам. З улікам аналізу ранейшага багатага досьведу адмоваў і матываў, якімі кіруюцца ўлады, мы прапанавалі падтрымаць нас толькі тым грамадзянам, для якіх гэта будзе бясьпечна.
У нашых рэаліях самае галоўнае, каб чалавек не саступіў пры магчымай сустрэчы з супрацоўнікам КДБ. Для гэтага кожны сябар, заяўлены ў рэгістрацыйных сьпісах, мае партыйны статут, які дапамагае прадметна абазначыць сваю пазыцыю, абараніць сябе ад магчымага ціску і давесьці, што няма ў прынцыпах БХД нічога шкоднага, небясьпечнага, дэструкцыйнага.
Наадварот, перавага БХД у тым, што ў яе шэрагах гуртуюцца людзі, якія прызнаюць каштоўнасьці хрысціянскай дэмакратыі прынцыпамі свайго жыцьця, любяць людзей і гатовыя працаваць на карысьць новай Беларусі.
Сярод тых, хто пагадзіўся нас падтрымаць, шмат пэнсіянэраў. На гэтую катэгорыю грамадзянаў цяжэй уплываць звонку, бо яны маюць пэўную ступень незалежнасьці. Але і тут ня ўсё проста. Калі ты – працуючы пэнсіянэр, то на цябе ўжо можна націснуць. Прыклады такога ціску з боку ўладаў былі і ў Віцебску, і па рэгіёнах.
Уплываць на працоўнага чалавека яшчэ прасьцей. Так, сёлета ў Наваполацку да маладога чальца БХД, заяўленага ў нашых рэгістрацыйных сьпісах, прыйшлі таварышы ў акуратных строях – паразмаўляць. Паразмаўлялі зь ім і з ягоным працадаўцам. Пасьля размовы працадаўца (прыватнік) заявіў нашаму сябру, што на яго націснулі, і ён ня хоча мець ніякіх праблемаў, бо можа пацярпець ягоны бізнэс. Ведаю, што падобныя выпадкі ціску былі і ў іншых рэгіёнах краіны.
З улікам гэтых акалічнасьцяў мы ня ўносім у сьпісы, якія падаём на рэгістрацыю, і імёны грамадзянаў, якія працуюць на дзяржаўнай службе. Не запісваем таксама і асобаў, дзеці ці блізкія сваякі якіх працуюць, скажам, у міліцыі. Прыгадваю выпадак, які адбыўся ў нашай вобласьці, калі празь ціск на сына-міліцыянта з боку кіраўніцтва псаваліся нават унутрысямейныя стасункі.
Якія парушэньні, знойдзеныя Міністэрствам юстыцыі ў пададзеных вамі дакумэнтах, падаюцца Вам абсалютна надуманымі?
Напрыклад, кажуць, што ў заснавальніка не пазначаны хатні тэлефон. Альбо нумар мабільніка ці працоўны. Пры гэтым ня ўлічваецца той факт, што сярод нашых чальцоў шмат асобаў сталага ўзросту, якія ня маюць мабільнікаў, альбо, маючы мабільнік, адключаюць хатні тэлефон. Цяпер у людзей лішніх грошаў няма. Я сама адмовілася ад усіх тэлевізійных пакетаў, пакінуўшы толькі стацыянарны. Якія даведкі нам прыкладаць, каб улады паверылі? Але ж гэтакі падыход не прадугледжаны заканадаўствам.
Кожнага разу мы аспрэчваем рашэньне Міністэрства юстыцыі ў Вярхоўным судзе.
Назавіце, калі ласка, сапраўдныя матывы адмовы ў рэгістрацыі БХД.
Сапраўднымі матывамі адмовы ў рэгістрацыі зьяўляюцца матывы палітычныя. Мы – вельмі актыўная партыя. Улада палохаецца гэтай актыўнасьці. Нават пры адсутнасьці рэгістрацыі праца сяброў «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» заўважная на палітычным полі краіны. БХД – ініцыятар самых розных пасьпяховых кампаніяў, якія вырашаюцца праз збор подпісаў, ладзіць круглыя сталы, распрацоўвае розныя праекты.
У нас ёсьць цэлы пакет рэформаў, адзін зь якіх у выглядзе надрукаванай брашуры я перадала ў Віцебскі аблсавет. Калі ласка, карыстайцеся. Праекты распрацаваныя дасьведчанымі навукоўцамі зь вялікім досьведам працы і заслугоўваюць увагі.
С. Горкі