Анатоль Міхайлавіч ужо даўно займаецца дасьледаваньнем гэтай тэмы. Ён – аўтар прадмоваў і камэнтараў да кнігаў Антона Луцкевіча, аднаго з ініцыятараў абвяшчэньня беларускай незалежнасьці: «Да гісторыі беларускага руху», «Выбраныя творы: Праблемы культуры, літаратуры і мастацтва», «Барацьба за вызваленьне». У сваёй лекцыі Сідарэвіч закрануў асноўныя этапы нацыянальнага руху ў Беларусі ў 1917-1918 гадох, пазнаёміў зь лёсамі асноўных дзейных асобаў.
Было цікава паслухаць і пра стаўленьне цяперашняй улады да тых падзеяў. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году гісторыкі дамовіліся паміж сабой і дамагліся ад уладаў прызнаць, што пытаньні пра БНР ня ёсьць закрытымі, а застаюцца дыскусійнымі. Таксама перад уладамі паўстаў парадокс: як жа мы можам крытыкаваць тых, хто змагаўся за незалежную дзяржаву? І з пэўнага часу пра дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі перасталі друкавацца «сьвінскія артыкулы», што выходзілі за часамі перабудовы. Але, на жаль, дысэртацыйных дасьледаваньняў на тэму таксама не зьяўляецца. Навукоўцы перастрахоўваюцца і не рызыкуюць закранаць «няёмкую» тэму. Асноўныя ж матэрыялы былі выдадзеныя на пачатку 1990-х гадоў, калі былі «расьпячатачаныя архівы».
Значная частка выступу была прысьвечаная гісторыі абвяшчэньня БНР.
Ідэя стварэньня беларускай дзяржавы паўстала ў сьнежні 1917 году на Першым Усебеларускім зьезьдзе, але дэлегаты зьезду выступалі за аўтаномію ў складзе Расейскай Фэдэрацыі. І толькі пасьля разгону бальшавікамі Першага Ўсебеларускага зьезду ў Менску і Ўстаноўчага сходу ў Петраградзе, дзе яны, па сутнасьці, паставілі шлягбаўм на шляху разьвіцьця дэмакратычнай Расеі, зьявілася ідэя стварэньня цалкам незалежнай дзяржавы.
Незалежная Беларусь была абвешчаная 25 сакавіка 3-й Устаўной граматай, неўзабаве пасьля таго як, баючыся наступу нямецкага войска, бальшавікі пакінулі Менск.
У той самы час, паводле гісторыка, былі сфармуляваныя тры пастуляты:
- Беларусь ня ў складзе Расеі. Ён ажыцьцявіцца да канца ліпеня 1920 году, калі будзе створаная фармальна незалежная БССР.
- Беларусь незалежная. Спраўдзіцца ў 1991 годзе, калі Беларусь пасьля развалу СССР стане самастойнай дзяржавай.
- Беларусь дэмакратычная. Гэты пастулят застаецца нявыкананым аж дагэтуль.
Калі адбудзецца новая рэвалюцыя і будзе выкананы трэці пастулят – менскі гісторык ня ведае. Але, на яго думку, усё павінна пачацца з рэвалюцыйных пераўтварэньняў ва ўсходняга суседа.
«Калі ў Расеі пачнецца рэвалюцыя, у Беларусі будзе ланцуговая рэакцыя. Але калі яна адбудзецца, ніхто ня ведае», – заявіў ён.
Нягледзячы на тое, што БНР праіснавала ўсяго некалькі месяцаў і ня мела вялікай улады, факт яе існаваньня дазволіў беларусам у далейшым стварыць фармальна незалежную ад Расеі БССР, а затым і незалежную Беларусь.
https://vitebskspring.org/news/dzjarzhava/item/2697-bez-bnr-ne-isnavala-b-i-respubliki-belarus-u-vitsebsku-razvazhali-pra-dzyarzhaunasts#sigProIdc58f8c3807
Уладзімер Бяляўскі