Усяго на фінансаваньне праграмай было адабрана 30 заявак з 245-ці пададзеных. Бюджэт кожнага з праектаў не апублікаваны. Але вядома, што ўнёсак Эўразьвязу ў фінансаваньне праграмы складае 74 мільёны эўра, плюс 10% мусяць даплаціць атрымальнікі грантаў. На кожны з праектаў маглі запрашвацца ад ЭЗ сумы ад ста тысяч да паўтара мільёну эўра.
Варта адзначыць, што толькі ў двух падтрыманых праектах галоўнымі бэнэфіцыярамі сталі беларускія арганізацыі (дзяржаўнае навукова-вытворчае аб'яднанне «Навукова-практычны цэнтар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах» і аддзел ідэалёгіі, культуры і па справах моладзі Лідзкага райвыканкаму). У астатніх выпадках грошы атрымаюць тыя ці іншыя ўстановы Летувы і Латвіі і падзеляцца часткай іх зь беларускімі партнэрамі.
Хто ж зь Віцебскай вобласьці будзе працаваць на гранты Эўразьвязу? Сярод пераможцаў конкурсу згадваюцца пяць праектаў, у якіх ёсьць геаграфічная прывязка да рэгіёну Прыдзьвіньня:
– Спрыяньне сацыяльнай інтэграцыі праз арганізацыю супольных мерапрыемстваў і паляпшэньне сацыяльных паслугаў у Краслаўскім і Полацкім муніцыпалітэтах.
– Разьвіцьцё ўстойлівай сыстэмы кіраваньня навакольным асяродзьдзем дзеля прадухіленьня рызыкаў у Сэмігаліі (Зэмгалэ) і прыродных раёнах Сэмігаліі ды ў Нацыянальным парку «Браслаўскія азёры».
– Дзьвінск (Даўгаўпілс) і Віцебск: культурная інтэграцыя і разьвіцьцё II.
– Жывая гісторыя: культурная і навуковая сінэргія ў прымежным рэгіёне Езяросы (Зарасай) (LT) – Дзьвінск (LV) – Віцебск (BY) для ўстойлівага разьвіцьця.
– Дасьледаваньне і захаваньне традыцыйнага майстэрства жыхароў Прыдзьвіньня і перадача яго нашчадкам.
Але згаданым сьпіс праектаў, датычных да Віцебскай вобласьці, не абмяжоўваецца. Відавочна, што на працу ў паўночна-ўсходнім рэгіёне Беларусі таксама арыентаваныя і іншыя праекты: «Паляпшэньне трансгранічнага супрацоўніцтва ў галіне прадухіленьня паводак, барацьбы з наступствамі паводак і павелічэньнем забруджваньня навакольнага асяродзьдзя» (галоўны бэнэфіцыяр – Дзяржаўная пажарна-выратавальная служба Латвіі), «Захаваньне і прасоўваньне кулінарнай спадчыны і традыцыяў рамяства» (Краслаўская муніцыпальная рада, Латвія), «Праграма трансгранічнай ляяльнасьці для стымуляваньня культуры і турызму» (Дзьвінская гарадзкая рада, Латвія) і г.д.
Такім чынам, хаця арганізатары конкурсу праектаў пазначалі, што «стратэгічнай мэтай гэтай фінансаванай ЭЗ праграмы ёсьць умацаваньне зносін, павышэньне патэнцыялу і абмен досьведам паміж людзьмі...» і заяўнікі на грант павінны быць «юрыдычнай асобай некамэрцыйнага тыпу», бачым: беларускім НКА тут ня месца. Прынамсі, тым зь іх, якія сапраўдныя – створаныя грамадзянамі, а не дзяржавай. Усё разьлічана не на грамадзянскую супольнасьць, а на мясцовыя ўлады і створаныя імі структуры. Мо' такім спосабам эўрапейская бюракратыя вырашыла «купіць» беларускіх чыноўнікаў, каб прышчапіць ім эўрапейскія каштоўнасьці?
Кастусь Дзьвінскі