Аўторак, 15 Снежань 2015

Праваслаўны архіяпіскап Полацкі і Глыбоцкі ўручыў царкоўную ўзнагароду старшыню Глыбоцкага райвыканкаму

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Мэдаль «У памяць 1000-годзьдзя скону сьвятога роўнаапостальнага вялікага князя Ўладзімера» ўведзены Ўказам Найсьвяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ад 6 лiстапада 2014 году. Мэдаль мае адну ступень. Ёю ўзнагароджваюцца архірэі і клірыкі, манахі, а таксама дабрачынцы, дзяржаўныя і грамадзкія дзеячы, якія зрабілі значны ўнёсак ва ўмацаваньне духоўнасьці ў грамадзтве.

У дзень сьвяткаваньня двунадзесятага непрамінальнага сьвята – увядзеньня ў храм Прасьвятой Багародзіцы, – усталяванага праваслаўнай царквой, Глыбокае наведаў архіяпіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій. Уладыка адправіў боскую літургію ў катэдральным саборы Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы, а па заканчэньні набажэнства зьвярнуўся да прысутных у храме вернікаў з казаньню.

Успомніўшы гісторыю, што лягла ў аснову сьвята, архіяпіскап казаў таксама пра сілу веры і пра збаўчую моц малітвы, казаў пра тое, наколькі важна жыць, працаваць, ствараць на карысьць сваёй Айчыны, несучы ў сэрцы любоў да Бога і людзей. Таксама кіруючы архірэй засяродзіў увагу на тым, якая непараўнальна важная роля ва ўмацаваньні ня толькі сацыяльна-эканамічнага становішча, але і ва ўмацаваньні адзінства і праўдзівай духоўнасьці ў грамадзтве належыць прадстаўнікам дзяржаўнай улады. І ў сувязі з гэтым ён адзначыў вялікі ўнёсак ва ўмацаваньне супрацоўніцтва паміж царквой і дзяржаўнымі органамі кіраваньня ў захаваньне і памнажэньне хрысьціянскіх каштоўнасьцяў кіраўніка Глыбоцкага раёну, старшыні раённага выканаўчага камітэту Алега Морхата ды ўручыў яму высокую царкоўную ўзнагароду – мэдаль «У памяць 1000-годзьдзя скону сьвятога роўнаапостальнага вялікага князя Ўладзімера».

У сваім віншавальным звароце падчас гэтага ўрачыстага моманту архіяпіскап Полацкі і Глыбоцкі зь вялікай цеплынёй казаў пра тое, як уважліва ставіцца кіраўнік такога высокага рангу да кожнага чалавека, нават да таго, хто спатыкнуўся па жыцьці і ляжыць на пыльнай узбочыне дарогі. І, вядома ж, была адзначаная сапраўды тытанічная праца Алега Віктаравіча, пад непасрэдным кіраўніцтвам і з ініцыятывы якога праведзеныя і праводзяцца маштабныя работы па захаваньні існых і будаўніцтве новых храмаў і капліц, усталяваньні паклонных крыжоў, арганізацыі і правядзеньні царкоўных сьвятаў, духоўна-культурных мерапрыемстваў і фэстаў.

У сваю чаргу Алег Віктаравіч Морхат сардэчна падзякаваў уладыку Феадосію за ўзнагароду і за тую ўвагу і цеплыню, зь якімі яго праасьвяшчэнства духоўна апякуюцца жыхарамі краю.

Паводле vg-gazeta.by, аўтар арыгінальнага тэксту: Анатоль Зінкевіч

Крыніца: Веснік Глыбоччыны