Толькі пасьля ўмяшаньня КДК былі прынятыя меры па зьніжэньні запазычанасьці ў чатырох раёнах вобласьці: Гарадоцкім, Глыбоцкім, Аршанскім і Шаркоўшчынскім. Там, напрыклад, цягам паловы году не выплачваліся дапамогі ў ААТ «Гарадоцкі райаграпрамснаб» (запазычанасьць на 4 лютага перад 61 работнікам складала 134,1 мільёна рублёў). У лютым Камітэт дзяржкантролю запатрабаваў ад Гарадоцкага райвыканкаму прыняцьця неадкладных мер па пагашэньні запазычанасьці, пасьля чаго ў сакавіку запазычанасьць была пагашаная. Разам з тым паводле стану на 10 красавіка заставалася запазычанасьць у 11 арганізацыях Браслаўскага, Гарадоцкага, Ушацкага, Пастаўскага раёнаў і Віцебску.
Для ліквідацыі выяўленых парушэньняў і прадухіленьня іх у далейшым Камітэтам дзяржкантролю Віцебскай вобласьці накіраваныя прапановы Віцебскаму аблвыканкаму аб прыняцьці мер па поўным пагашэньні суб’ектамі гаспадараньня запазычанасьці па дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, і па разглядзе пытаньня аб прымяненнi мер дысцыплінарнага ўзьдзеяньня да службовых асоб арганізацыяў і прадпрыемстваў, якія рэгулярна дапускаюць пратэрмінаваную запазычанасьць па дапамогах, паведамляе прэс-служба КДК.
У Віцебскай вобласьці асноўнымі даўжнікамі па выплаце дапамог зьяўляюцца арганізацыі сельскай гаспадаркі (201 арганізацыя), на долю якіх прыпадае 86,3% усёй запазычанасьці.
Крыніца: Народныя навіны Віцебска