Серада, 27 Красавік 2016

Наваполацкі інвалід-вазочнік штодня рызыкуе жыцьцём

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Алег Маліноўскі Алег Маліноўскі

Алег Маліноўскі разам з жонкай і сынам туліцца ў адным пакоі цешчынай кватэры. Кватэра знаходзіцца на чацьвёртым паверсе. Ліфта ў доме няма. Таму каб спусьціцца па лесьвіцы і выбрацца на двор, інвалід-вазочнік павінен рызыкаваць жыцьцём.

Тыпавы панэльны пяціпавярховы дом у Наваполацку. Бадзёры голас па дамафоне запрашае ўвайсьці, і я падымаюся на чацьвёрты паверх. Зважаю на вышчарбленыя каляіны на прыступках.

– Ды не, гэта ня дом рамонту патрабуе, – супакойвае мяне жанчына, якая спускаецца па лесьвіцы са сьмецьцевым вядром у рукох. – Гэта наш Алег трасу праклаў. Калі ён яе пакарае – увесь дом чуе.

Я ня толькі пачула, але і ўбачыла – Алег Маліноўскі выйшаў мяне сустракаць. Хоць слова «выйшаў» тут відавочна недарэчнае. Саракагадовы мужчына вось ужо дзесяць гадоў прыкаваны да інваліднага вазка. Калі дапамагчы няма каму, спускаецца з чацьвёртага паверху ўніз самастойна. Кожную сэкунду інвалід рызыкуе сарвацца ўніз. Вазок грукае па прыступках, раз-пораз імкнучыся вырвацца з-пад кантролю чалавека. Круты экстрэмальны спуск паскараюць колы. Алег едзе сьпінай наперад, на яго рукох – шчыльныя пальчаткі, якімі ён утрымліваецца за парэнчы і мэталёвыя перакладзіны агароджы лесьвічнага пралёту. Кажа, рукі гараць. Вага – кіляграмаў сто. Калі гэтую вагу памножыць на хуткасьць...

– Пра такое намагаюся ня думаць, – прызнаецца Алег. – Бо іншых варыянтаў няма. Так, часам спусьціцца дапамагаюць суседзі, сябры, жонка з сынам, сацработнік. Але ж яны не заўсёды побач, а я ў чатырох сьценах сядзець не магу. І так палову трэніровак прапускаю. Спускаюся на свой страх і рызыку. А вось падняцца нават пры вялікай ахвоце назад не магу. Даводзіцца часам на двары цэлы дзень сядзець і чакаць, пакуль жонка з працы, а сын з вучобы вернуцца. Тады яны мяне ў кватэру ўдваіх і цягнуць.

Алег Маліноўскі – майстар спорту па фэхтаваньні і кандыдат у майстры спорту па стральбе, акрамя таго, сур'ёзна займаўся тэнісам і гіравым спортам. Ён вельмі таварыскі чалавек.

– Я б ужо даўно і працу сабе знайшоў, калі б была магчымасьць выходзіць з дому. Двойчы прапаноўвалі – у рэгістратуры ў паліклініцы тэлефанаваньні прымаць і ключы ў Доме быту рабіць. Давялося адмовіцца. Пакуль была магчымасьць, працаваў дома ад таварыства інвалідаў, зьбіраў сьвяцільні. Нават спэцыяльнасьць набыў – сьлесар 3-га разраду мэханазборачных работ. А потым заказы прывозіць перасталі. Сказалі: нявыгадна.

Няшчасьце з Алегам здарылася ў 2005 годзе. Ён працаваў ахоўнікам на аўтастаянцы, падпрацоўваў на будоўлі – прафэсія муляра была ў пашане. Сыну Максіму тады споўнілася ўсяго 8 гадоў. Бацькі пакінулі яго са сваякамі і вырашылі прагуляцца. Алег захацеў прайсьціся па беразе Дзьвіны, нагледзець месца для рыбалкі. Жонка Натальля сядзела ў машыне. Непадалёк двое мужчын палілі вогнішча. Калі Алег ішоў міма, раздаўся выбух. Пасьля выявілася, што вінаватыя ў здарэньні спрабавалі выплавіць тол са снараду. У саміх – ні драпіны, а Алега пасекла аскепкамі. На выбух прыбегла Наташа, яна і выклікала «хуткую». Два кавалкі з хрыбетніка параненага лекары так і не адважыліся дастаць. Шпіталь у Полацку, потым у Менску. Паўгода ён быў прыкаваны да ложку. Потым – інвалідны вазок і першая група. Кажуць, гэты цуд, што змог сесьці.

– Мы кансультаваліся ўсюды, дзе можна. Нават на замежныя клінікі выходзілі. У нас такія апэрацыі ня робяць, а ў Нямеччыне паабяцалі паставіць на ногі за 30 тысяч эўра. Такіх грошай у сям'і, вядома, не было і няма, – распавядаюць сужэнцы.

Алег трымаецца бадзёра:

– Я ўжо зьмірыўся са сваім становішчам. І разумею, што нават так можна жыць цікавым, насычаным жыцьцём. Да няшчасьця я спортам наогул не займаўся. А цяпер – вунь колькі дыплёмаў, кубкаў, мэдалёў. Ежджу на спаборніцтвы ў іншыя гарады, нават за мяжой быў. Старэнькі «Форд» пераабсталявалі пад ручное кіраваньне, дык што я цалкам мабільны.

Невырашальнай для Алега аказалася толькі адна праблема – жыльлёвая. І тут справа ўжо ня проста ў чацьвёртым паверсе. А ў тым, што ў сям'і Маліноўскіх наогул няма ўласнага жытла. Кватаруюць разам з сынам у двухпакаёвай кватэры ў маці Натальлі. Адносіны з гаспадыняй жытла склаліся так сабе.

– Мы ўжо шэсьць гадоў стаім у агульнай чарзе на паляпшэньне жыльлёвых умоў. Напісалі плойму лістоў і хадайніцтваў, каб паскорыць вырашэньне гэтага пытаньня. Але, на жаль, пакуль беспасьпяхова, – паказваюць сужэнцы масу лістоў-адпісак.

Можна не паглыбляцца ў дэталі шматгадовага ліставаньня і ахарактарызаваць сытуацыю коратка. Праблема з разраду такіх, калі сацыяльная справядлівасьць не знаходзіць агульнай мовы з законам.

Вырашаю сама вывучыць сытуацыю. У Наваполацкім гарвыканкаме мне тлумачаць: так, Алег, як інвалід першай групы, мае права на атрыманьне сацыяльнага жытла. Але, па-першае, сёньня ў горадзе сацыяльнага жытла чакаюць 146 шматдзетных сем'яў, 88 сірот і 10 інвалідаў. Штогод для гэтых катэгорыяў грамадзян будуецца прыкладна 10-15 кватэр. А па-другое, сацыяльнае жытло ня можа быць выдзеленае сям'і Маліноўскіх, бо пры пэнсіі па інваліднасьці (два мільёны рублёў) і зарплаце жонкі (чатыры мільёны рублёў) сярэднедушавы даход перавышае ўсталяваны ліміт. З гэтай жа прычыны Алег ня мае права прэтэндаваць і на льготны крэдыт для будаўніцтва жытла зь дзяржпадтрымкай. Хоць сёньня можна пачаць будавацца на агульных падставах, але... для атрыманьня крэдыту ў банку яго даходу замала.

Маліноўскі хацелі прасіць арэнднае жытло – ізноў не атрымліваецца. «Арэндныя кватэры даюцца асобам, якія стаяць на ўліку для паляпшэньня жыльлёвых умоў, зыходзячы з даты пастаноўкі на ўлік», – афіцыйна тлумачаць ім у гарвыканкаме. Для сямейных інвалідаў, у адрозьненьне ад адзінокіх, ніякіх прэфэрэнцыяў не прадугледжана. А значыць, і чаргу не абыдзеш. Тым больш што летась была пабудаваная ўсяго адна аднапакаёвая арэндная кватэра. Яе, а таксама яшчэ 10 камэрцыйных кватэр другаснага жыльлёвага фонду разьмеркавалі сярод тых, хто стаіць на чарзе з 1984-1985 гадоў. Яшчэ адзін варыянт – інтэрнат. Але практычна ўсе яны ў Наваполацку ведамасныя, а на прадпрыемствах – свае чэргі і свае чаргавікі.

Вось і атрымліваецца, што паводле справядлівасьці сям'я інваліда, які страціў працаздольнасьць не па сваёй віне (вінаватага ў здарэньні, якое адбылося на беразе ракі, асудзілі), мусіць мець уласнае жытло. А паводле закону яно яму быццам бы і не павінна давацца...

У аддзеле юрыдычнай працы і кадраў Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, куды я зьвярнулася па тлумачэньні, пацьвердзілі: ніякага парушэньня з боку мясцовых уладаў няма. Але прадугледзець і прапісаць усе нюансы заканадаўча папросту нерэальна. У канкрэтнай жыцьцёвай сытуацыі можна і трэба шукаць выйсьце: каб і закон выканаць, і чалавеку дапамагчы. Для маладога гораду, дзе будуецца шмат новага жытла і ёсьць вялікі запас ведамасных інтэрнатаў, гэта цалкам пад сілу.

Афіцыйна

Міхаіл Кашапаў, першы намесьнік старшыні камітэту па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкаму:

– Праблема інваліда-вазочніка Алега Маліноўскага ўзятая намі на кантроль. Найбліжэйшым часам прапрацуем усе магчымыя варыянты паляпшэньня яго жыльлёвых умоў. Нашы спэцыялісты ўжо займаюцца гэтым пытаньнем супольна з Наваполацкім гарвыканкамам.

Алена Бегунова, Рэспубліка