А ці магло быць інакш?
Сталася так, што пра зручнасьці для звычайных грамадзянаў ані выканаўцы праекту, ані ягоныя заказчыкі належным чынам не паклапаціліся, а самі пешаходы нейкіх патрабаваньняў да праекту не выстаўлялі.
У краінах, дзе грамадзянская супольнасьць знаходзіцца ў зародкавым стане, а яе ўплыў на рашэньні ўладаў ніжэй мізэрнага, інакш быць і ня магло. Маўляў, нічога асабістага: проста зацікаўленыя бакі адстаялі свае карпаратыўныя інтарэсы. Людзям засталося адно наракаць на сваю недальнабачнасьць і абыякавасьць уладаў.
У сацсетках з гэтай нагоды адбыліся сапраўдныя баталіі, хаця, як кажуць, пасьля бойкі кулакамі ня машуць. Вось самая бяскрыўдная з усіх адмоўных ацэнак.
«…гэта мост у ажыўленым цэнтры, і ён павінен быць зручны ў тым ліку для пешаходаў, а не прымушаць іх намотваць колы. Праектаваў яго …(архітэктар), якому на пешаходаў напляваць...» – напісаў карыстальнік Ягор.
Праз 150-200 мэтраў – тупік
Калі думаеце, што з вуліцаў Цітова альбо Ленінградзкай вы здолееце наўпрост праз пуцеправод патрапіць на вуліцу Касманаўтаў ці наадварот, то глыбока памыляецеся. Такая раскоша прадугледжаная праектам выключна для ўладальнікаў аўто, і тое не для ўсіх. У залежнасьці ад напрамку, перш чым патрапіць на мост, кіроўцам, як і пешаходам, давядзецца наматаць некалькі дадатковых сотняў мэтраў.
Шыкоўныя парэнчы і ходнікі, выкладзеныя з боку вуліцы Цітова пліткай, – звычайная замануха. Калі патрапіце ў гэтую аблуду і захочаце за 5 хвілін дабегчы да аўтавакзалу, дык вашая самаўпэўненасьць прывядзе вас у нікуды: праз мэтраў 150-200 – тупік. Аказваецца, ходнікі ў гэтай частцы мосту маюць чыста эстэтычнае і тэхнічнае прызначэньне. Будзем спадзявацца, што на слупе зьявіцца пра гэтую недарэчнасьць папераджальная шыльда.
Дык узьнікае заканамернае пытаньне: навошта было ўводзіць людзей у зман і раскідвацца народнымі грашыма? Бо толькі адзін пралёт ацынкаваных парэнчаў каштуе 2100 рублёў, ня кажучы пра іншае.
Як узысьці на Полацкі пуцеправод?
З боку вуліцы Касманаўтаў – праблемаў ня ўзьнікне. Там шмат варыянтаў.
Для інвалідаў паклапаціліся нават пра адмысловы ліфт. Каралеўскі падарунак!
А вось з боку вуліцы Цітова давядзецца пакружляць: прайсьці пад мостам у бок чыгункі, пасьля скіравацца да ходнікаў доўгага пад’ёму на мост, узьняцца па ім, а там ужо і рукой падаць да вуліцы Касманаўтаў.
Зрабіўшы гэткі крук, мімаволі задумваесься пра тое, чаму ў гэтым месцы не была зробленая гэткая ж лесьвіца, як і з боку аўтавакзалу? Няхітрая канструкцыя дазволіла б у лічаныя хвіліны ўзьняцца на эстакаду. А так пад’ём на пуцеправод мусіце пачынаць вунь каля таго блакітнага дамка, але ж і да яго трэба яшчэ дайсьці.
Пераход з вуліцы Ленінградзкай на вуліцу Касманаўтаў зойме яшчэ больш часу.
Каб патрапіць на месца, зь якога зроблены здымак, таксама трэба будзе пастарацца. Ад Полацкага рынку – пад мост, затым да пад’ёму, што бачыце з правага боку фота, па ім – да асноўнай частцы пуцеправоду і яшчэ колькі сот мэтраў па ім.
І заўвага на разьвітаньне
Пабудаваны мост пакідае дваістае ўражаньне.
З аднаго боку, добра, што яго пабудавалі хутка, і што прапускную здольнасьць пуцеправоду павялічылі ў разы, і што вакол зьявілася шмат месцаў для паркоўкі ды тэрыторыя вакол мосту добраўпарадкаваная…
Нібыта добра, але, як кажуць, асадачак застаўся.
Ян Ластаўка
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!