Два стыхійныя мітынгі, шэраг інтэрвію, дзе жыхары Новалукомлю сьцьвярджалі, што 50 тысяч за разавы выхад «на рыбу» – гэта бессаромна дорага, а таксама адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі – гэткія былі публічныя захады, зробленыя жыхарамі Новалукомлю, абуранымі увядзеньнем платы за рыбалку.
Аўтар адкрытага ліста, актывіст СПБ і былы работнік Лукомскай ДРЭС Аляксей Габрыель тлумачыць сытуацыю: «Абурэньне людзей мае свае падставы. Лукомскае возера – гэта тэхнічны вадаём станцыі, якая з году ў год разводзіць у возеры рыбу, каб яно не зарастала водарасьцямі. Арандатар Нуржан Кульжанаў, атрымаўшы яго ў арэнду, ня ўклаў у гэтую справу ні капейкі. А вось платную рыбалку ўжо абвясьціў. Гэта значыць, плату за рыбу, якую ён не разводзіў. Людзі лічаць такое несправядлівым, абураюцца, што не праводзіліся грамадзкія слуханьні, што іх не пазнаёмілі з арандатарам, кіраўніком ТАА «ТэрраФіш», што 50 тысяч за аднаразавы адпачынак з вудачкай – гэта непамерна многа, што арандатар мусіў зрабіць хаця б добраўпарадкаваньне на беразе, але і гэтага ня зроблена, што мясцовыя ўлады ня могуць заступіцца за землякоў, бо права на арэнду дае аблвыканкам…»
Усе гэтыя пытаньні былі выказаныя і падчас стыхійных мітынгаў каля гарвыканкаму, і падчас сустрэчаў з кіраўніцтвам гораду і раёну – на якія, зрэшты, мала хто зь месьцічаў здолеў патрапіць. Тым часам у горадзе адбываліся выпадкі, якія ня сталі вядомымі шырокаму колу грамадзкасьці. Хоць былі праявамі такой сур’ёзнай грамадзкай зьявы, як міжнацыянальная варожасьць: Нуржану Кульжанаву пагражалі па тэлефоне, патрабавалі, каб «казах» зьяжджаў з Новалукомлю, а аднойчы павесілі каля ягонай брамы мёртвага сабаку… Пагрозы паступалі і да іншых супрацоўнікаў ТАА «ТэрраФіш», аднак яны палічылі за лепшае не падаваць афіцыйных скаргаў.
Гарадзкому кіраўніцтву Новалукомлю і Чашніцкаму райвыканкаму ўдалося знайсьці паразуменьне ў Віцебскім аблвыканкаме, і нарэшце былі распрацаваныя іншыя кошты на наведаньне арандаванага возера. Былі вызначаныя катэгорыі льготнікаў. Першая – гэта насельнікі найбліжэйшых да возера вёсак, якія будуць плаціць за рыбалку зусім сымбалічныя грошы – 21 тысячу рублёў у год. Жыхары найбліжэйшых населеных пунктаў – Новалукомлю, Чашнікаў, Чашніцкага раёну мусяць плаціць па 40 тысяч на месяц, а вось кошт пуцёўкі на адны суткі для прыежджых па-ранейшаму будзе складаць 50 тысяч на суткі.
Арандатару Нуржану Кульжанаву давялося заняцца тым, што ён абяцаў, – добраўпарадкаваньнем берагу, дзе пачалі зьяўляцца кантэйнэры для сьмецьця, лавачкі са столікамі і гэтак далей…
Аднак чамусьці месьцічы зноў аказаліся ня ў курсе таго, што рыбалка стала адносна таннай. Новы прэйскурант дзейнічае з 15 лютага, аднак пра гэта няма паведамленьняў у прэсе, і землякі па-ранейшаму не задаволеныя бязьдзейнасьцю ўладаў.
«Такое ўражаньне, што нашы ўлады абыякавыя да праблем гораду, бо ад іх нічога па-сапраўднаму не залежыць. Нават тое, што тычыцца непасрэдна Новалукомлю, вырашаюць чыноўнікі аблвыканкаму. Што ўжо казаць пра людзей? Яны адчуваюць, што іхныя праблемы нікога, апрача іх саміх, не турбуюць. І пачынаюць шукаць выйсьця любым спосабам, у тым ліку незаконным. Усё гэта – недапушчальна, але адбываецца», – разважае Аляксей Габрыель.
Актывіст мяркуе, што галоўная ўмова даверу да ўлады – гэта публічнасьць. І калі людзі здолелі настаяць на сваім і пераканаць улады ў сваёй рацыі, – пра гэта варта паведамляць неадкладна. Толькі такім чынам можна пазьбегнуць дадатковых канфліктных сытуацыяў – калі даць месьцічам адчуць, што іхнае меркаваньне сапраўды важнае для ўладаў.
Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна