Яна прапанавала зладзіць беларуска-расейскую патрыятычную акцыю, у выніку якой на памежжы дзвюх дзяржаў, без удзелу Латвіі, з’явіўся б новы сімвал. Таксама Святлана Камагорцава прапануе закласці і новыя алеі – па сутнасці, дублюючы канцэпцыю «Кургана дружбы». Да слова, цэнтр гэтага кургана знаходзіўся на латвійскай тэрыторыі, ад яго ў бок Беларусі была пасаджана алея бяроз, на баку Латвіі – ліпавая алея, у бок Расеі – кляновая. Паводле кіраўніцы наваполацкага пашуковага атраду, зямлю для насыпкі новага кургана можна ўзяць з брацкіх магіл. Гэтую ідэю Камагорцава плануе агучыць у Маскве на канферэнцыі «Судьба солдата: теория и практика архивных исследований».
Стварэнне і знішчэнне помнікаў – унутраная справа кожнай дзяржавы. Але беларуская ідэалагічная прапаганда імкнецца стварыць уражанне, што ўсе іншыя дзяржавы, апрача Расеі, паводзяць сябе ў гэтым сэнсе амаральна. Спрабуючы ўкараніць гэты тэзіс у свядомасць сваіх чытачоў, дзяржаўныя медыі спрабуюць развиваць тэму: цяпер з’явіліся публікацыі пра руйнаванне Латвіяй невялікага мосціка цераз рэчку Сінюху. Па гэтай рацэ праходзіць мяжа паміж Беларуссю і Латвіяй, і памежныя службы МУС Латвійскай Рэспублікі праінфармавалі беларускіх калегаў, што збіраюцца знесці бетонны мост, каб збудаваць новую інжынерна-тэхнічную інфраструктуру. Найхутчэй, вядзецца пра ўзвядзенне плота, каб перадухіліць незаконныя пераходы мяжы мігрантамі трэціх краін, што стала апошнім часам сапраўдным бедствам. Але беларуская дзяржаўная прапаганда падае гэта як «знішчэнне маста, на якім сустракаліся партызаны трох краінаў» і дакарае Латвію за «здраду баявому сяброўству, умацаванаму крывёй».
Станіслаў Іваноўскі