Пятніца, 25 Сакавік 2016

Віцебск адсьвяткаваў 25 Сакавіка (фота)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

За час уладараньня цяперашняга кіраўніка дзяржавы шмат хто зь беларускіх грамадзян забыліся на такое сьвята, як Дзень Волі. Але штогод знаходзяцца асобы, якія ня толькі памятаюць пра дату абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе, але і нагадваюць пра сьвята 25 Сакавіка іншым.

Гэтак было ў Віцебску і сёлета.

Крэатыў ад БХД

Ва ўмовах, калі гарадзкія ўлады не даюць дазволу на правядзеньне публічных апазыцыйных мерапрыемстваў, грамадзкія ды партыйныя актывісты шукаюць альтэрнатыўныя шляхі для выказваньня сваёй грамадзянскай пазыцыі.

Актывісты аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацьцяна Севярынец і Алена Шабуня паставіліся да сьвяткаваньня крэатыўна: яны перадалі свае віншаваньні з Днём Волі старшыням віцебскіх гарвыканкаму і гарсавету.

Відавочна шакаваныя неспадзяванкай, памочнікі згаданых вышэй чыноўнікаў, калі да іх падышлі актывісты, паабяцалі апошнім перадаць выказаныя імі віншаваньні сваім начальнікам і павіншавалі сяброў аргкамітэту БХД у адказ.

Кветкі да помнікаў, імпэт моладзі і міліцыянты ў цывільным

А празь некалькі гадзін пасьля паходу прыхільнікаў хрысьціянскай дэмакратыі да ўладаў грамадзкія актывісты і прадстаўнікі розных апазыцыйных структур, у тым ліку сябры партыі БНФ, КХП БНФ, кампаніі «Гавары праўду», сталі зьбірацца ля помніку князю Альгерду.

Людзей сабралася небагата – усяго зь дзясятак чалавек. Мабыць, невялікая колькасьць удзельнікаў імпрэзы тлумачыцца тым, што гэта быў самы разгар працоўнага дня.

Сярод тых, хто прыйшоў адзначыць сьвята, былі ня толькі заўсёдныя ўдзельнікі апазыцыйных імпрэзаў, але і новыя асобы маладога веку. Менавіта навічкі-маладзёны ўнесьлі нейкую разнастайнасьць у звыклую хаду сьвяткаваньня віцебчукамі Дня Волі.

Так, дзяўчына з «Гавары праўду» прынесла з сабою нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг. І пакуль яшчэ людзі толькі зьбіраліся, не баючыся, разгарнула яго – у цэнтры Віцебску! – а потым начапіла яго на сябе паўзьверх вопраткі і прахадзіла зь ім на плячох па горадзе ўвесь час, што працягвалася імпрэза. Калісьці такімі паводзінамі яна хутка наклікала б на сябе нарад міліцыі, затрыманьне, суд і штраф ці арышт. Але гэтым разам усё абышлося.

Зрэшты, супрацоўнікі аховы правапарадку не пакінулі адзначэньне сьвята «опамі» без сваёй пільнай увагі. Яны назіралі за тым, што адбываецца, падчас усёй імпрэзы. Але трымаліся на адлегласьці ад удзельнікаў і не перашкаджалі ім сьвяткаваць. Колькасьць міліцыянтаў, што суправаджалі грамадзкіх і палітычных актывістаў, была ледзь ня роўнай колькасьці саміх гэтых актывістаў.

Актывісты ўсклалі букет кветак белага і чырвонага колераў да помніку князю Альгерду. А потым рушылі па маршруце: Усьпенская горка, дзе ёсьць крыж і шыльда ва ўшанаваньне «праваслаўных, у гады смуты і ліхалецьцяў пакутліва замучаных і бязьвінна забітых» – будынак, у якім вучыўся Васіль Быкаў, з гарэльефам у яго гонар – помнік пісьменьніку Ўладзімеру Караткевічу. І ўсюды ўскладалі кветкі.

Не заўсёды гэта было зрабіць лёгка. Шыльда ў гонар Васіля Быкава знаходзіцца на вышыні трох мэтраў. Але спрыт моладзі выратаваў: маладзёны, дапамагаючы адно аднаму, улезьлі да самой шыльды і прымацавалі кветкі ў належнае месца.

Моладзь праявіла знаходлівасьць і калі грамада апынулася ля помніку Караткевічу. Тут ня толькі былі запаленыя зьнічкі і ўскладзеныя кветкі да помніку, але таксама – з падачы моладзі – была прывязаная да дрэва, што расьце побач, бел-чырвона-белая кампазыцыя з балёнікаў. Атрымалася вельмі прыгожа...   

«Нязьменны вартавы»

Як нязьменны вартавы, вядомы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда стаяў на адваяваным ім астраўку свабоды ля «Сіняга дому». У гэты дзень ён разгарнуў новенькія бел-чырвона-белы парасон і  плякат-выгафтоўку. Шматлікія знаёмыя падыходзілі да яго і віншавалі са сьвятам. Некаторыя рабілі гэта вольна, адкрыта, эмацыйна, а некаторыя сьцішана паціскалі руку ды адыходзілі прэч. Падышлі да яго і Тацьцяна Севярынец ды Алена Шабуня. Разам яны прачыталі супольную малітву за Беларусь.

У гэты дзень Барыс Ханонавіч атрымаў ад незалежных віцебскіх журналістаў падарунак – фотаздымак, зроблены на тым самым месцы, дзе ён стаіць і цяпер, дваццаць гадоў таму. На ім найвядомейшы віцебскі пратэстовец адлюстраваны з плякатам «Беларусь! Незалежнасьць! Вясна!». У рукох апазіцыйны дзеяч трымае газэту «Выбар», рэдактарам якой ён тады працаваў. Як патлумачыў спадар Барыс, у дзень, калі было зробленае фота, ён быў затрыманы міліцыянтамі і атрымаў за той плякат немалы штраф.

Барыс Хамайда лічыць Дзень Волі найгалоўнейшым сьвятам краіны. Ён мяркуе, што ў будучыні наша дзяржава можа зьмяніць сваю цяперашнюю назву ды стаць Беларускай Народнай Рэспублікай. Бо БНР нічым сябе не дыскрэдытавала, а калі так, то ўсё магчыма...