Аўторак, 10 Кастрычнік 2017

Актывісты Віцебску зладзілі акцыю супраць сьмяротнага пакараньня

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Акцыя супраць сьмяротнага пакараньня ў Віцебску Акцыя супраць сьмяротнага пакараньня ў Віцебску

Кампанія «Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня» завяршылася ў Віцебску раздачай улётак. 10 кастрычніка, у Сусьветны дзень супраць сьмяротнага пакараньня,  праваабаронцы і грамадзкія актывісты «паўночнай сталіцы» распаўсюджвалі ўлёткі з інфармацыяй пра тое, чаму сьмяротнае пакараньне – дрэнна, і чаму яго трэба адмяніць.

Улётка «Шэсьць аргумэнтаў супраць сьмяротнага пакараньня» створаная беларускімі праваабаронцамі, якія прафэсійна займаюцца гэтай праблематыкай. Яна знаёміць грамадзян з асноўнымі прычынамі, чаму сьмяротную кару ў нашай краіне трэба адмяніць. Сярод прычынаў, напрыклад, названая «магчымая судовая памылка», якая шмат каму падаецца вельмі актуальнай, асабліва калі ўлічваць якасьць працы судовых і сьледчых органаў Беларусі.

Акцыя праходзіла ў самым цэнтры гораду – ля ўваходу ў гандлёвы цэнтар «Марко-Сіці» ды побач з падземным пераходам на плошчы Перамогі. Актывісты не абмежаваліся раздачай інфармацыйных матэрыялаў на вуліцы – частка ўлётак была распаўсюджаная праз паштовыя скрыні віцебчукоў.

Актывісты спадзяюцца, што невялічкія «сюрпрызы», якія месьцічы знайшлі ў сваіх паштовых скрынях, будуць для іх карыснымі. Бо праблема сьмяротнага пакараньня, якая зусім мала абмяркоўваецца ў грамадзтве і ў афіцыйных мэдыях, зьяўляецца вельмі важнай і актуальнай.

Сягоньня Беларусь зьяўляецца адзінай краінай у Эўропе, дзе на практыцы выконваюцца сьмяротныя прысуды. Дый ва ўсім сьвеце такіх краінаў няшмат. Напрыклад, сьмяротнае пакараньне яшчэ ўжываецца ў такіх краінах з адыёзнымі палітычнымі рэжымамі, як Паўночная Карэя і Іран.

Што да раздачы ўлётак на вуліцы, большасьць людзей з удзячнасьцю бралі інфармацыйную прадукцыю і, адышоўшы колькі крокаў, зь цікавасьцю знаёміліся зь яе зьместам. І калі, дзякуючы гэтай акцыі, праціўнікаў сьмяротнага пакараньня стала больш хоць на некалькі чалавек, то акцыя прайшла недарма.

Уладзімер Бяляўскі