Пікет у цэнтры гораду быў заплянаваны на 6 красавіка. Аднак ані ў гэты дзень, ані за некалькі дзён перад тым, як патрабуе заканадаўства, адказу з выканкаму не было, кажа Яўген Анішчанка:
«Адказу па пошце я не атрымаў, патэлефанаваў у райвыканкам сам. Сказалі, што нібыта адказ дасылалі яшчэ тыдзень таму, але, мабыць, “пошта згубіла”. Прыкра такое чуць: мой зварот дык чамусьці дайшоў, а як грамадзянам адказаць па законе – нібыта і не абавязкова! Сказалі, што “вам забаронена, бо вы ж не дамовіліся з мэдыкамі, камунальнікамі і міліцыяй пра дзяжурства на пікеце”. А дамовіцца зь імі немагчыма: яшчэ ў 2012 годзе, калі мы хацелі зладзіць пікет пра аварыйны мост, мы таксама спрабавалі заключыць дамовы. Нават праз суд. Юрысты зь міліцыі і паліклінікі ў адзін голас заявілі, што ў іх нават няма прэйскуранту на паслугі паводле заказаў прыватных асоб, і ажыцьцяўленьне такіх паслуг не ўваходзіць у іх прафэсійныя абавязкі. Ня мае прэйскуранту на прыборку тэрыторыі на замову прыватных асоб і прадпрыемства “Спэцаўтабаза”».
Такім чынам, яшчэ адзін пікет у Воршы забаронены, а ўвогуле масавых акцыяў з ініцыятывы грамадзкіх актывістаў у горадзе не было з 2009 году – з тае пары, калі зьмянiліся патрабаваньні райвыканкаму да падачы заяўкі.
Між тым, праблема «замарожанай» будоўлі паліклінікі – досыць балючая для месьцічаў. У новым дзесяціпавярховым корпусе, будаўніцтва якога распачалося яшчэ ў 2012 годзе, і які ўзводзіцца за сродкі абласнога бюджэту, плянавалі разьмясьціць нэўралягічнае, кардыялягічнае, рэанімацыйнае ды іншыя аддзяленьні. Адчыніцца яны мусілі яшчэ некалькі гадоў таму, але будаўніцтва аніяк не завершыцца: у 2015 годзе работы спынілі, і аднавіць іх абяцалі толькі ў другім квартале 2016 году.
Аднак і ён ужо пачаўся, але на будаўнічай пляцоўцы людзей няма, і тэхніка па-ранейшаму не задзейнічаная.
Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"