Пятніца, 07 Люты 2025

У Віцебску складаюць пратаколы на студэнтаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

6 і 7 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска па палітычна матываваных «адміністратыўках» судзілі студэнтаў. Верагодна, пратаколы за «распаўсюд экстрэмізму» ў інтэрнэце – гэта вынік праверак тэлефонаў, якія апошнім часам ладзяцца ў навучальных установах абласнога цэнтра.

6 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска судзілі судэнта ВДУ Йаэля Юроўскага. Хлопец скончыў СШ №196 у Мінску, падчас навучання быў пераможцам прадметных алімпіяд, у якасці ўзнагароды яго нават накіроўвалі ў летнік "Зубраня". У Віцебску Йаэль Юроўскі паступіў на факультэт гуманітарыстыкі і моўных камунікацый мясцовага ўніверсітэта. Хлопец браў удзел у шмат якіх ідэалагічных мерапрыемствах, што праводзіліся ў ВНУ. Летась ён атрымаў падзяку ад адміністрацыі універсітэта за валанцёрскую працу ў музеі навучальнай установы.

7 лютага па палітычнай «адміністратыўцы» зноў судзілі студэнта - траццякурсніка прафсаюзнай ВНУ "МІТСО" Андрэя Салодкіна. Хлопец вучыцца на аддзяленні «Лагістыка». На хлопца склалі два адміністрацыйныя пратаколы - за «распаўсюд экстрэмізму» паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП і за прапагандаванне нацысцкай сімволікі паводле ч.1 арт. 19.10 КаАП.

Абодвух хлопцаў судзіла Ганна Кот – суддзя, не на шмат старэйшая за тых, чые справы яе паставілі разбіраць. Яна працуе ў судзе Кастрычніцкага раёна з 2022 года, гэта яе першае працоўнае месца. І «спецыялізуецца» жанчына менавіта на палітычных адміністрацыйных справах.

Верагодна, пратаколы, складзеныя на сьудэнтаў за «распаўсюд экстрэмізму» ў інтэрнэце – гэта вынік праверак тэлефонаў, якія апошнім часам ладзяцца ў навучальных установах абласнога цэнтра. Паводле Тэлеграм-канала «Vitebsk», у Віцебскім дзяржаўным універсітэце куратары груп не толькі правяраюць тэлефоны студэнтаў, але яшчэ і складаюць справаздачы пра гэта свайму непасрэднаму кіраўніцтву.

Ірына Маляваная