Серада, 30 Жнівень 2023

Наваполацкага лекара-стаматолага Аляксандра Грудніцкага двойчы асудзілі на 15 сутак

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Сталі вядомыя падрабязнасці яго затрымання, якое адбылося 16 жніўня ( паводле ранейшых звестак, Грудніцкі быў затрыманы 21 жніўня). У той дзень лекар з жонкай вярнуліся з замежнага падарожжа, куды выправіліся ў самым пачатку жніўня. 22-га жніўня Аляксандр Грудніцкі мусіў выйсці на працу пасля адпачынку, аднак пацыенты яго не дачакаліся, бо на той час ён ужо знаходзіўся пад арыштам.

Грудніцкага затрымалі 16 жніўня ў 11 гадзін, супрацоўнікі міліцыі прагледзелі ягоны тэлефон і склалі на мужчыну адміністрацыйны пратакол за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
17 жніўня суддзя Наваполацкага гарадскога суду Зінаіда Балаболава прызнала Грудніцкага вінаватым за размяшчэнне на сваёй старонцы ў Instagram фотаздымка, дзе ен зняты на фоне украінскага і грузінскага сцягоў. У судзе Грудніцкі па тлумачыў, што захоўваў гэты здымак на памяць пра наведванне Грузіі ў 2021г., і што намеру праводзіць несанкцыянаваны пікет, размяшчаючы гэтае фота, ен не меў. Але суддзя Балаболава расцаніла гэта менавіта як несанкцыянаванае пікетаванне і паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП прысудзіла мужчыну арышт на 15 сутак, пастанавіўшы адлічваць час арышту з моманту затрымання.

Грудніцкі трапіў за краты, а сілавікі тым часам знайшлі ў ягоным тэлефоне падставы для яшчэ аднаго адміністрацыйнага абвінавачання. 18 жніўня Зінаіда Балаболава асудзіла лекара-стаматолага яшчэ раз, цяпер паводле ч.2 арт.19.11 КаАП. Яна прызнала Грудніцкага вінаватым за тое, што на сваёй старонцы ў «Аднакласніках» ён размясціў інфармацыйную прадукцыю аднаго з інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаную экстрэмісцкай. Суддзя вынесла пастанову пакараць мужчыну арыштам на 15 сутак, які мае распачацца «з моманту затрымання» без указання даты.

Праваабаронцы не выключаюць, што Аляксандра Грудніцкага могуць затрымаць адразу ж, як ён выйдзе пасля першага арышту, і зноў змясціць за краты на 15 сутак.

Алеся Шырокава