Пятніца, 14 Ліпень 2023

Затрыманы былы баец «Азова» з Віцебску, які толькі выйшаў з калоніі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

«Пакаяннае відэа» са Станіславам Ганчаровым па мянушцы «Тэрор-машына» было апублікавана на адным тэлеграм-каналаў, блізкіх да ГУБАЗіКа. Затрыманы тлумачыць, што не мае ніякага дачынення да «апазіцыі», і што падставай для затрымання нібыта сталі татуіроўкі – сілавікі ўбачылі ў іх прапаганду нацызму. Паводле Ганчарова, татуіроўкі ён зрабіў у раннім юнацтве, некаторыя з іх ужо «забіў», каб не правакаваць міліцыю, ад астатніх меркаваў пазбавіцца пазней, бо толькі выйшаў з-пад арышту: у 2017г. ён быў асуджаны да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. І з пакараннем тады было не ўсе так проста.

У 2016г. Станіслава Ганчарова затрымалі па вяртанні з Украіны: з 2014 г. ён браў удзел у баявых дзеяннях у складзе батальёна «Азоў». На момант затрымання яму было 20 гадоў, і падставай судовага разбіральніцтва сталі падзеі таго перыяду, калі ён яшчэ быў падлеткам. Паводле тагачаснага афіцыйнага паведамлення МУС, « у кастрычніку 2013г. Разам з іншымі футбольнымі фанатамі ў Оршы ён змушаў дваіх падлеткаў адмовіцца ад антыфашыстоўскіх поглядаў і прадыманстраваць нацысцкае прывітанне. Гэта працэс быў зняты на відэакамеру і выкладзены ў інтэрнэт». Пазней да гэтага абвінавачанне дадалі распальванне расавай нянавісці, рабаўніцтва, распаўсюд парнаграфіі. І ўсё гэта – у складзе групы падлеткаў з радыкальнымі поглядамі.

Распавядаючы пра судовы працэс над Станіславам Ганчаровым, дзяржаўныя медыя падкрэслівалі факт ягонага ўдзелу у батальёне «Азоў», суадносячы гэта з падтрымкай нацысцкай ідэалогіі. Тагачасны міністр МУС Ігар Шуневіч казаў, што Ганчароў «ішоў пад нумарам адзін у спісе тых, хто падлягае затрыманню ў выпадку вяртання ў Беларусь». У 2018 г. кіраўнік ГУБАЗіКа Мікалай Карпянкоў згадваў, што каля 40 беларусаў, якія ваявалі на баку «Правага сектара» і іншых фарміраванняў, не захочуць вяртацца дадому, бо «у Беларусі супраць іх распачатыя крымінальныя справы за здачынствы, якія яны здзейснілі раней – хуліганства, крадзяжы, махлярства і іншыя».

Насамрэч, добраахвотнікаў, хто вярнуўся ў Беларусь, вельмі мала. Бо ўсяго толькі міфам з“яўляецца тое, нібыта ў РБ аднолькава караюць удзельнікаў баявых дзеянняў на баку іншай дзяржавы. Тыя , хто ваяваў за «ЛДНР», спакойна перамяшчаліся паміж краінамі і нават раздавалі інтэрв“ю журналістам. Праўда, для траіх зладзілі паказальныя суды, але дваім далі невялікія тэрміны – па два гады зняволення, а трэці вярнуўся ва Украіну адразу пасля суду.

Ірына Мірашнічэнка