На Валянціну Болбат 29 красавіка верхнядзвінскімі міліцыянтамі было складзена некалькі пратаколаў па артыкуле 19.11 КаАП (Распаўсюджванне, выраб, захоўванне перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапаганду такой дзейнасці) і частцы 3 артыкула 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
Тады Верхнядзвінскі суд прысудзіў ёй 30 сутак арышту, міліцыянты адразу ў залі суда ўзялі яе пад варту. Але з жанчынай здарыўся гіпертанічны крыз, і яе адвезлі ў лякарню, дзе яна лячылася два тыдні.
Валянціна аспрэчыла гэтую пастанову суда ў Віцебскім абласным судзе. 22 траўня суддзя абласнога суда Святлана Іванова адмяніла рашэнне суда Верхнядзвінскага раёна.
Але на гэтым усё не скончылася, справу грамадскай актывісткі перадалі ў Наваполацкі суд, дзе і быў вынесены новы прысуд Валянціне Болбат – 30 сутак арышту. На суд прыйшло яе падтрымаць столькі людзей, што ледзь хапіла ўсім месцаў.
Пакуль верхнядзвінская грамадская дзяячка на волі і зноў разам са сваім адвакатам плануе абскарджваць рашэнне Навапалоцкага суда ў вышэйшай інстанцыі.
Эміль Хромаў