Алена Храмцова - вядучы выкладчык кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў ПДУ, мае шэраг навуковых і навукова-метадычных прац, дапамагае ў даследаваннях студэнтам. Яе добра ведаюць у Наваполацку, але не толькі як выкладчыцу.
Васіль Храмцоў, муж спадарыні Алены (заўчасна памёр 11 чэрвеня 2011 г.), быў адным з найвядомейшых наваполацкіх актывістаў. Ён з“яўляўся адным з арганізатараў экалагічных мітынгаў супраць уздзеяння шкоднай вытворчасці ў Наваполацку, быў свядомым беларусам і імкнуўся зацікавіць беларушчынай усіх сяброў і знаёмых, шмат гадоў запар ачольваў наваполацкую суполку БНФ. Некалькі разоў быў арыштаваны за ўдзел у акцыях дэмакратычных сілаў.
Ён стварыў у Наваполацку супольнасць “Усяслаў Чарадзей”, удзельнік якой адраджалі традыцыйную беларускую культуру, арганізоўваў каляндарныя народныя святы – Каляды, Гуканне вясны, Дзяды, Купалле. Традыцыя адзначаць іх у рэгіёне захоўваецца і дагэтуль. Васіль Храмцоў пакінуў па сабе добрую памяць. Таму арышт Алены Храмцовай таксама стаў гучнай падзеяй у Наваполацку.
Усяго, па звестках мясцовых жыхароў, учора ў Наваполацку было затрымана 15 чалавек. Апрача Алены Храмцовай, сілавікі затрымалі яшчэ дваіх супрацоўнікаў ПДУ - кандыдата гістарычных навук, дацэнта кафедры гісторыі і турызму ПДУ Віктара Чараўко і супрацоўніцу рэпазіторыя Лідзію Зуеву. Пра лёсы астатніх затрыманых пакуль нічога не вядома.
Міхась Хмара