Серада, 12 Красавік 2023

Наваполацкі фатограф Ігар Супранёнак асуджаны на яшчэ 15 сутак

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Адпаведнае рашэнне прыняў 11 красавіка Наваполацкі гарадскі суд. Ігар Супранёнак знаходзіцца за кратамі з 29-га сакавіка: яго затрымалі ў той саму дзень, калі сілавікі зладзілі аблаву на супрацоўнікаў Полацкага гісторыка-культурнага музея- запаведніка. У фатографа правялі ператрус, забралі мабільны тэлефон. Першыя 15 сутак арышту, пасля якіх ён так і не выйшаў на волю, спадару Супранёнку прысудзілі за распаўсюд так званых «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

Праваабаронцы мяркуюць, што другі арышт наваполацкаму фатографу маглі прысудзіць паводле арт. 24.23 КаАП – за аватаркі ў сацыяльных сетках.
Ігар Супранёнак вядомы ў рэгіёне майстар фатаграфіі, фотаздымкамі Полацку і Наваполацку займаўся яшчэ ягоны бацька, таму ў сямейным архіве вельмі шмат каштоўных фотавыяваў Полаччыны. Працы Ігара Супранёнка экспанаваліся на розных фотавыставах, апрача гэтага ён цікавіцца фотатэхнікай і сабраў вялікую калекцыю фотаапаратаў. Есць у ёй і фотаапарат, якім рабіў здымкі яшчэ ягоны бацька, у мінулым фотакарэспандэнт наваполацкай газеты «Хімік».
Фатографу Ігару Супранёнку прысудзілі другі арышт запар, як і супрацоўніку Полацкага гісторыка-культурнага музея- запаведніка, кандыдату філасофскіх навук Ігару Бортніку. 29 сакавіка ён быў асуджаны да 10 сутак арышту паводле артыкула 19.11 КаАП, а 10-га красавіка суд Наваполацку асудзіў яго яшчэ на 13 сутак паводле артыкула 24.23 КаАП (Парушэнне арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Міхась Хмара