Чацвер, 07 Красавік 2022

Ксяндза Аляксандра Барана з Лынтупаў датэрмінова выпусцілі з-пад арышту

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

4 красавіка суд Пастаўскага раёну прысудзіў пробашчу парафіі Святога апостала Андрэя 10 сутак арышту. Ксяндза прызналі вінаватым паводле двух адміністрацыйных артыкулаў – арт. 24.23 (несанкцыянаванае пікетаванне) – за бел-чырвона-белы сцяг на аватарцы ў сацыяльных сетках, і арт. 19.11 (распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў) – за «лайкі» і каментары на інтэрнэт-рэсурсах, абвешчаных «экстрэмісцкімі». Адпаведна судовай пастанове, Аляксандр Баран меўся выйсці на волю 8 красавіка – з улікам тэрміну, праведзенага пад вартай яшчэ да суду. Але ўвечары 6-га красавіка ён апынуўся на волі.

Паводле сайта katolik.life, непасрэдна перад вызваленнем Аляксандра Барана «выклікалі з камеры на гутарку, сказалі, што, відаць, цяпер шмат спраў перад святамі – наперадзе Пальмовая нядзеля і Вялікі Тыдзень, а затым Вялікдзень – і без тлумачэння прычын і каментароў вызвалілі». Такім чынам, ксёндз не дабыў двое сутак арышту. Як вядома з практыкі, забраць чалавека «даседжваць» прысуджаны тэрмін могуць у любы момант – калі міліцыянты вырашаць, што знаходжанне «небяспечнага» грамадзяніна на волі найбольш непажаданае.

 Справа ксяндза з Лынтупаў увогуле выклікае шмат пытанняў. Першы раз яго затрымалі 24 сакавіка, напярэдадні Дня волі. Дакладней, Аляксандра Барана пазвалі ў міліцыю «проста паразмаўляць», а ўжо на месцы абвясцілі, што забіраюць яго ў ІЧУ. Як высветлілася пазней, гэта было затрыманне ў межах справы па арт. 23.34: сілавікі прагледзелі старонкі святара ў сацыяльных сетках і заўважылі на аватарцы выявы двух сцягоў, бел-чырвона-белага і жоўта-блакітнага. Ён размясціў іх 24 лютага, у першы дзень вайны ва Украіне. Трое сутак Аляксандра Барана трымалі за кратамі, ён чакаў суду, аднак зноўку здарылася неспадзяванка: у суд яго не павезлі, і дахаты не адпусцілі. Бо за гэты час супраць яго распачалі ўжо другую адміністрацыйную справу – па арт.19.11, за актыўнасць на старонках так званых «экстрэмісцкіх» інтэрнэт- рэсурсаў. З гэтай нагоды ксяндза трымалі ў пад вартай яшчэ трое сутак.

 Пра час, праведзены ў зняволенні ён распавядаў так:

 «Цяпер мы перажываем Вялікі пост, для мяне гэта быў пост на хлебе і вадзе і шмат малітваў. Умовы ў ізалятары – як у часы Сярэднявечча. Да таго, як да мяне пусцілі адваката, стаўленне да мяне было хамскім. Я зразумеў, што давялося перажыць святарам падчас сталінскіх рэпрэсій у 1930-я гады, калі іх таксама кідалі за краты».

 На сёмыя суткі Аляксандра Барана ўсё-ткі адпусцілі, прызначыўшы дату суду 4 красавіка. Падчас судовага пасяджэння ён не прызнаў свае віны, нагадаўшы, што бел-чырвона-белы сцяг – гэта сімвал уваскрослага Хрыста, і што каментары ў інтэрнэце ён пакідаў тады, калі згаданыя інтэрнэт-сайты яшчэ не былі прызнаны «экстрэмісцкімі»… Працэс над святаром выклікаў гучны рэзананс, і нельга выключаць, што яго датэрміновае вызваленне абумоўлена шырокай падтрымкай ксяндза Аляксандра.

 Феліцыян Красоўскі