Чацвер, 19 Лістапад 2020

Камісія па справах няпоўнагадовых вынесла папярэджанне ліцэісту Руслану Яневічу – за ўдзел у шэсці

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Руслан Яневіч Руслан Яневіч

19 лістапада ў адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску адбылося пасяджэнне камісіі па справах няпоўнагадовых, на якім разглядалася адміністрацыйная справа ў дачыненні да навучэнца політэхнічнага ліцэю Руслана Яневіча. За ўдзел у несанкцыянаваным шэсці камісія вынесла Руслану папярэджанне (ч.1 арт. 23.34 КаАП).

Паводле пратаколу, 20 верасня Руслан Яневіч «узяў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным шэсці», «скандаваў антыдзяржаўныя лозунгі».

Акрамя пратаколу і рапарту, іншых доказаў вінаватасці хлопца не было. На прадэманстраваным відэа Руслан сябе не пазнаў. З відэафайлаў не вынікала, што ён быў удзельнікам шэсця. На гэта звярнуў увагу і адвакат, і сам Руслан, але камісія заўвагу праігнаравала.

Таксама камісія адзінагалосна адмовіла Руслану Яневічу ў хадайніцтве зрабіць відэазапіс прадэманстраванага відэасюжэту.

Вывучыўшы матэрыялы, пададзены ў камісію, яе сябры палічылі, што гэтага дастаткова для вырашэння адміністрацыйнай справы. Руслан Яневіч вінаватым сябе ва ўчыненні адміністрацыйнага правапарушэння не прызнаў. Але, на погляд камісіі па справах няпоўнагадовых, яна «знайшла сваё пацверджанне».

Змякчальнымі абставінамі старшыня камісіі Марына Навіцкая палічыла факт, што на момант учынення правапарушэння Руслану не было 18 гадоў, а таксама тое, што ён мае статус сіраты. Прапанавала выбраць у якасці меры спагнання для Руслана папярэджанне. Амаль усе сябры камісіі падтрымалі прапанову (адзін сябра падчас галасавання ўстрымаўся).

«Я мяркую, што камісіі па справах няпоўнагадовых – гэта анахранізм, бо атрымліваецца, што людзі без юрыдычнай адукацыі, якія слаба разбіраюцца ў заканадаўстве, надзеленыя ўладай вяршыць лёсы няпоўнагадовых, то бок лёсы будучыні Беларусы. Калі са словаў старшыні камісіі гучыць фраза, што Канстытуцыя рэгламентуецца законамі Рэспублікі Беларусь, то гэтым усё сказана, і мне дадаць няма чаго...» – выказаўся пасля пасяджэння камісіі віцебскі праваабаронца Павел Левінаў.

«Я вельмі радая, што лёс мяне пазнаёміў з гэтым хлопцам. Ён – сірата. Ён вырас у дзяржаўнай установе, у дзіцячым доме, але вырас чалавекам, які адчувае справядлівасць, які адчувае межы праўды і хлусні. Як настаўніцу з вялікім стажам, мяне гэта вельмі цешыць. І тое, што гэты хлопец апынуўся ў шэрагу людзей, якія выступаюць супраць фальсіфікацыі выбараў, вельмі каштоўна», – заявіла прысутная на паседжанні былая настаўніца Таццяна Севярынец.

С. Горкі