Зьміцер Казакевіч быў затрыманы 11 верасьня каля будынку суду Першамайскага раёну супрацоўнікамі РАУС у цывільным. Без тлумачэньня прычынаў яго зацягнулі ў легкавік і адвезьлі ў аддзяленьне міліцыі для складаньня пратаколу. Тры содні да суду ён правёў у ІЧУ Віцебску.
Журналіста абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 6 верасьня, то бок ва ўчыненьні правапарушэньня, прадугледжанага ч.1 арт. 23.34 КаАП.
Інтарэсы Зьмітра Казакевіча ў судзе адстойваў адвакат Дзяніс Ястраб.
У заключным слове адвакат Ястраб зазначыў, што адміністрацыйны працэс трэба спыніць з прычыны недаказанасьці ўдзелу ягонага падабароннага ва ўчыненьні правапарушэньня.
“Пратакол складзены па артыкуле 23.34, але, мяркуючы па скрыншотах і відэазапісу, выразна бачна, што непасрэднага ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве Казакевіч не бярэ. Ён знаходзіцца на значнай адлегласьці ад калёны дэманстрантаў і робіць фотафіксацыю. Таксама ёсьць відэазапіс, на якім Казакевіч заяўляе праваахоўнікам, што зьяўляецца журналістам. Фіксуе відэазапіс і выкананьне Казакевічам функцый прафэсійнай дзейнасьці ”, – падагуліў адвакат.
Судзьдзя Міхаіл Юрчанка пастанавіў справу ў адносінах да Зьмітра Казакевіча вярнуць у Першамайскі РАУС для выпраўленьня перашкодаў, якія не дазваляюць суду прыняць рашэньне паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП.
“Сёньняшняе рашэньне суду ўспрымаю як маленькую перамогу. Можа, як нейкі прэцэдэнт таго, што нас, журналістаў, будуць успрымаць усур’ёз і ня будуць “шыць” нам пратаколы па артыкуле 23.34. І калі гэтак здарыцца, то ў гэтай перамозе будзе і мой маленькі ўнёсак”, – заявіў Зьміцер Казакевіч адразу пасьля выхаду з ІЧУ.
С. Горкі