Субота, 09 Снежань 2017

На кіраўніка ініцыятывы “Хайсы” складзены пратакол аб правапарушэньні

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ян Дзяржаўцаў Ян Дзяржаўцаў

7 сьнежня кіраўніца аддзелу ЖКГ Віцебскага раёну Кацярына Воінава склала пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні грамадзянінам Янам Дзяржаўцавым. Паводле пратаколу, актывіст парушыў правілы пахаваньня чалавечых парэшткаў, бо зьдзейсьніў пахаваньне ў месцы, не прызначаным для гэтага. Цяпер яго чакае суд.

Артыкул 23.43 КаАП, у парушэньні якога абвінавацілі кіраўніка грамадзянскай ініцыятывы “Хайсы”, прадугледжвае штраф у памеры ад пяці да дзесяці базавых велічыняў.

Нагодай для пачатку адміністрацыйнай справы супраць Яна Дзяржаўцава стала пісьмовае паведамленьне старшыні Мазалаўскага сельскага выканкаму Леаніда Дубіны ў Віцебскі райвыканкам. Спадар Дубіна паведаміў, што 9 лістапада на праваабарончым сайце “Віцебская вясна” ён прагледзеў відэаматэрыял, які паказвае працэс “самавольнага пахаваньня касцявых чалавечых парэшткаў у лясным масіве ля вёскі Хайсы”  ў месцы, не прадугледжаным для гэткіх мэтаў заканадаўствам. Дзеля спраўджаньня інфармацыі кіраўнік сельскага выканкаму выяжджаў у лясны масіў, пасьля чаго і зьвярнуўся да раённай адміністрацыі з просьбай скласьці на грамадзяніна Яна Дзяржаўцава пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні.

Падзея, пра якую паведаміў раённым уладам Леанід Дубіна, адбылася 9 лістапада. Амаль месяц спатрэбілася, каб вызначыцца з контрмерамі. Аднак назваць іх канструктыўнымі не паварочваецца язык. Бо выходзіць: няхай лепш чалавечыя косткі валяюцца вакол раскапаных чорнымі капальнікамі ямінаў, чым будуць пахаваныя па-людзку ў тую зямлю, адкуль іх вынялі сапраўдныя парушальнікі закону, якіх ўлады нават не спрабуюць знайсьці.

Нягледзячы на тое, што адміністрацыйны працэс быў адкрытым, да ўдзелу ў ім не былі дапушчаныя прадстаўнікі грамадзкасьці. Гэты факт быў адзначаны Янам Дзяржаўцавым у складзеным пратаколе. У якасьці прадстаўніка і абаронцы абвінавачанага ў правапарушэньні падчас складаньня пратаколу прысутнічаў яго сын, дыплямаваны юрыст Аляксандар Дзяржаўцаў.

Па складаньні пратаколу Яну Дзяржаўцаву было ўручанае прадпісаньне зьявіцца 12 сьнежня ў суд Віцебскага раёну.

С. Горкі

1 камэнтар

  • Спасылка на Камэнтар Андрэй Панядзелак, 11 Снежань 2017 Дадаў Андрэй

    Улады зусім страцілі страх!..
    Яны адказныя за ўтойваньне расстрэлаў мірных людзей расейскім НКУС у 1930-ыя, але абвінавачваюць у парушэньні закону менавіта тых беларусаў, якія хаця б неяк клапоцяцца аб памяці нявінна расстраляных людзей.
    Гэта звыш цынічна! Ганьба такім уладам! Сапраўды акупацыйны рэжым, як пры немцах у Другую Сусьветную... дык тыя хаця б разьвівалі беларускую культуру на акупаваных тэрыторыях Беларусі.

    Паскардзіцца