Дзіўным чынам атрымалася гэтак, што віцебскаму актывісту давялося адбываць свой тэрмін у той самай камэры, дзе ён ужо сядзеў адзінаццаць гадоў таму. Але за дзесяцігодзьдзе, што мінула, умовы ўтрыманьня там не палепшыліся, а, наадварот, пагоршыліся. Ніякага рамонту за гэты час не рабілася. Як кажа Хрыстафор Савельевіч, паўстае слушнае пытаньне: «А куды падзеліся тыя мільёны, якія атрымала Беларусь ад Эўразьвязу на паляпшэньне ўмоваў утрыманьня вязьняў, і чаму яны не дайшлі да Віцебску?»
Як сьцьвярджае грамадзкі актывіст, за адзінаццаць гадоў у Віцебскім ІЧУ рэжым утрыманьня зрабіўся яшчэ больш жорсткім, ды, як падаецца, павялічылася колькасьць абслугоўваючага пэрсаналу. З раніцы і да вечару ўсё, як у сапраўднай турме: у камэру заходзяць некалькі наглядчыкаў – рукі на сьцяну, рэчы на перашук. Кінулася ў вочы, што раней у камэру заходзілі два праваахоўнікі, а цяпер ажно чатыры. Праўда, на шпацыр выводзілі па жаданьні, пакамэрна.
Кажа Хрыстафор Жаляпаў: «Найбольш абурае тое, што да грамадзянаў ставяцца, як да зэкаў, хаця ў ІЧУ ўтрымліваюцца звычайныя правапарушальнікі. Паўстае пытаньне: А навошта ствараць такія жорсткія ўмовы абыходжаньня?»
Можна, вядома, меркаваць, што праз ўзмоцнены рэжым утрыманьня, улада спадзяецца сьцішыць хвалю народных пратэстаў, але пакуль усё атрымліваецца з вынікам наадварот. Жорсткі ціск на актывістаў выклікаў з боку грамадзянскай супольнасьці толькі шырокую хвалю салідарнасьці, якая нішчыць страх і няўпэўненасьць.
Па выхадзе на волю Хрыстафор Савельевіч падзякаваў аднадумцам за падтрымку і дасланыя яму паштоўкі з добрымі словамі і зычэньнямі. Ён адзначыў: «Нягледзячы на тое, што Віцебскі абласны суд падтрымаў рашэньне Кастрычніцкага райсуду, я ўсё адно працягну змаганьне за сваё права на мірную дэманстрацыю і буду аспрэчваць незаконны прысуд тутэйшых судоў, які супярэчыць Канстытуцыі краіны і міжнародным нормам, у Камітэце па правох чалавека ААН».
С. Горкі