Пятніца, 17 Сакавік 2017

За аршанскі «Марш недармаедаў» асуджаны яшчэ адзін удзельнік

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Аляксандар Булаўка (справа) на «Маршы недармаедаў» у Воршы Аляксандар Булаўка (справа) на «Маршы недармаедаў» у Воршы

12-цю суткамі адміністрацыйнага арышту пакараны Аляксандар Булаўка. 12 сакавіка, падчас мітынгу на цэнтральнай плошчы Воршы, ён падняў сьцяг прафсаюзу РЭП, а потым на чале калёны прайшоў з гэтым сьцягам да райвыканкаму.

Паводле відавочцаў, яшчэ тады да прафсаюзнага актывіста падыходзілі міліцыянты і пагражалі «пасадзіць». Але пагрозы спраўдзіліся толькі празь некалькі дзён: 16 сакавіка супрацоўнікі міліцыі прыйшлі дахаты і забралі Аляксандра Булаўку.

Здарылася так, што ў яго не было магчымасьцяў зьвязацца са сваякамі і блізкімі, і толькі ўвечары аднадумцы з прафсаюзу даведаліся, што Аляксандра асудзілі на 12 сутак арышту.

Спадар Булаўка ачольвае аршанскую рэгіянальную арганізацыю прафсаюзу РЭП са сьнежня мінулага году – з часу стварэньня ў Воршы гэтай суполкі. Ён быў адным з найактыўнейшых зьбіральнікаў подпісаў за скасаваньне дэкрэту № 3.

Апрача Аляксандра Булаўкі, у аршанскім ізалятары часовага ўтрыманьня адбываюць арышты, прызначаныя за ўдзел у акцыі пратэсту, яшчэ трое актывістаў: Павал Севярынец (15 сутак), Васіль Берасьнёў (14 сутак), Віктар Андрэеў (13 сутак). Усіх траіх асудзілі 13 сакавіка, на наступны дзень пасьля аршанскага «Маршу недармаедаў».

Радыё Свабода