24 красавіка Леаніда Аўтухова выклікалі ў Кастрычніцкі райадзьдзел міліцыі Віцебску, дзе азнаёмілі з пратаколам пра парушэньне заканадаўства аб СМІ Загадалі даць тлумачэньні, кажа актывіст: “Я так і напісаў: на бюлетэні “Магістрат” пазначаны наклад – 299 асобнікаў, гэта не пэрыядычнае выданьне, і яно не падлягае абавязковай рэгістрацыі. Як лічылі тыя асобнікі, што ў нас былі, я ня ведаю. Гэта пры нас не рабілі. Стос бюлетэняў забралі, а потым прыйшоў міліцыянт і сказаў таму, хто складаў паперы: “Пішы -1 080 асобнікаў”.
Падзеі, пра якія распавядае спадар Аўтухоў, здарыліся яшчэ 22 сакавіка, напярэдадні Дня Волі. У той дзень яго разам з аднапартыйцам Кастусём Смолікавым затрымалі ў гандлёвым цэнтры “Эвіком”. На абодвух склалі пратаколы за парушэньне заканадаўства аб масавых акцыях: маўляў, у бюлетэні “Магістрат” было запрашэньне на мітынг 25 сакавіка, забаронены мясцовымі ўладамі.
Падчас суду Кастусь Смолікаў спрабаваў тлумачыць судзьдзі Іне Грабоўскай, што распаўсюд бюлетэня да масавых акцыяў дачыненьня ня мае. Але яна прысудзіла абодвум актывістам па 5 сутак арышту. Палову з гэтага тэрміну яны адбылі ў ІЧУ яшчэ да суду, бо іх затрымалі ў пятніцу, і трымалі пад вартай да панядзелка – дарэчы, парушыўшы заканадаўчую норму пра тое, што суд мусіць адбывацца не пазьней як праз 48 гадзін пасьля затрыманьня…
Паводле рашэньня суду, усе рэчавыя доказы мусілі быць зьнішчаныя. Але асобнікі “Магістрату” захавалі да сёньняшнягя дня, гаворыць Леанід Аўтухоў: “Судовая пастанова ўступіла ў сілу, але “Магістрат” цэлы! Як мне сказалі, пасьля суду пра гэта нібыта хадайнічала кіраўніцтва Кастрычніцкага РАУС. Я пра гэта таксама нічога ня ведаў, як ня ведаў пра “падлікі”, што адбываліся без маёй прысутнасьці. Я лічу, што адміністрацыйны перасьлед – гэта ціск на апазыцыю. Каб баяліся сказаць хоць слова пра свае погляды, каб не маглі даносіць свае ідэі да іншых людзей, каб зрабіць недаступнай любую праўдзівую інфармацыю”.
Старшыню віцебскай арганізацыі партыі БНФ зноў чакае суд. Дату працэсу пакуль не прызначылі.