Чацвер, 21 Студзень 2016

Віцебскі РАУС пра катаваньні: Імітаваў прыёмы барацьбы і падаў на падлогу

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Праваабарончы цэнтар «Вясна» зьвярнуўся студэнт УА «Віцебская дзяржаўная акадэмія вэтэрынарнай мэдыцыны» Павал Расьлякоў, які падчас вуснага апытаньня па факце крадзяжу маёмасьці быў зьбіты апэратыўнымі супрацоўнікамі ў аддзеле ўнутранных спраў адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску. Ва ўзбуджэньні крымінальнай справы і прыцягненьні да адказнасьці супрацоўнікаў АУС па выніках праверкі гэтага факту заяўніку было адмоўлена.

Так, сьледчы другога сьледчага аддзяленьня Віцебскага гарадзкога аддзелу Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь старшы лейтэнант юстыцыі Марьянкоў А., які праводзіў праверку, палічыў, што не атрымана дадзеных, якія паказваюць на факт зьдзяйсьненьня ў дачыненьні да Расьлякова П. супрацьпраўных дзеяньняў з боку супрацоўнікаў міліцыі, што паказаньні апэратыўна ўпаўнаважанага Грыгор'ева С., які праводзіў апытаньне, і пацярпелага Мігунова Д. не супярэчаць адно аднаму, а заява пра нанясеньне цялесных пашкоджаньняў зробленае П. Расьляковым з мэтай ухіленьня ад адказнасьці за ўчыненьне крадзяжу.

У сваю чаргу, Павал Расьлякоў сьцьвярджае, што высновы сьледчага па выніках ацэнкі атрыманых доказаў няслушныя, пастанова вынесеная заўчасна і падлягае скасаваньню:

«У сваёй заяве і ў ходзе апытаньня я пазначыў, што 1 верасьня 2015 г. падчас правядзеньня разбору з нагоды крадзяжу маёмасьці Мігунова Д. у памяшканьні АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёну г. Віцебску супрацоўнікі міліцыі нанесьлі мне некалькі ўдараў: у вобласьць левага вуха, у вобласьць грудной клеткі, па шчоках і вушах з мэтай атрымаць прызнаньне ў зьдзяйсьненьні злачынства, – піша ў сваёй скарзе пракурору Віцебска Павал Расьлякоў. – Мае тлумачэньні пацьвярджаюцца высновамі судова-мэдычнай экспэртызы: экспэрт устанавіў, што падчас майго абсьледаваньня ў пэрыяд часу з 14:00 да 14:30 2 верасьня 2015 г. выяўленыя цялесныя пашкоджаньні ў выглядзе сінякоў на левым вуху, на пярэдняй паверхні грудной клеткі, якія ўтварыліся ня менш, як ад двух траўмуючых узьдзеяньняў ў тэрмін да сутак да агляду экспэртам».

Паўторная судова-мэдычная экспэртыза выявіла, што пашкоджаньні належаць да катэгорыі лёгкіх цялесных. На думку экспэрта, лякалізацыя пашкоджаньняў не характэрная для іх атрыманьня пры падзеньні з вышыні ўласнага росту на плоскую паверхню.

Пры гэтым з тлумачэньняў апэратыўніка Грыгор'ева С., дадзеных ім падчас праверкі, вынікае, што на момант апытаньня якія-небудзь бачныя цялесныя пашкоджаньні ў заяўніка адсутнічалі, аднак факт прычыненьня іх П. Расьлякову супрацоўнікамі міліцыі адмаўляецца.

Заяўнік зьвяртае ўвагу на тое, што ў абгрунтаваньне пастановы аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы пакладзеныя тлумачэньні асобы, зацікаўленай у зыходзе справы – Д. Мігунова, які абвінаваціў Паўла Расьлякова ў крадзяжы маёмасьці:

«Мігуноў Д. зьвярнуў увагу на тое, што прысутнічаў пры маім вусным апытаньні – «папярэдняй гутарцы», якую праводзіў супрацоўнік міліцыі Грыгор'еў С., і я паводзіў сябе насуперак здароваму сэнсу – пачаў распавядаць, што займаюся барацьбой, усю размову зводзіў да гэтага, імітаваў прыёмы барацьбы, пасьля якіх падаў на падлогу.

Лічу, што гэтыя і іншыя тлумачэньні Мігунова Д. павінны былі быць крытычна ацэненыя, паколькі супярэчаць маім сьцьверджаньням, высновам судова-мэдычных экспэртыз, якія, у сваю чаргу, мае тлумачэньні пацьвярджаюць і практычна выключаюць такі спосаб нанясеньня цялесных пашкоджаньняў, які апісаў Мігуноў – праз падзеньне на паверхню.

Пры наяўнасьці супярэчнасьцяў, сьледчы Марьянкоў А. не прывёў ў пастанове довадаў, паводле якіх ён прыняў адны і адхіліў іншыя доказы».

Юрыст ПЦ «Вясна» Павал Сапелка лічыць, што ў заяўніка няма прычын агаворваць супрацоўніка міліцыі ў зьдзяйсьненьні злачынства, паколькі раней ён зь ім знаёмы ня быў, а вынікі расьсьледаваньня па заяве Д. Мігунова аб'ектыўна не залежаць ад вынікаў расьсьледаваньня факту прымяненьня да П. Расьлякова жорсткага абыходжаньня. Тым больш, што ён у выніку такога звароту ў зьдзяйсьненьні злачынства сябе не абгаварыў.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"