У міжнародны вышук абвясцілі музыку Сяргея Доўгушава, ураджэнца Аршаншчыны
Яго імя і прозвішча з’явіліся ў базе вышуку 13 лістапада, але ў ёй не пазначана, за якія правіны шукаюць вядомага спевака, музыку, ініцыятара “Спеўных сходаў”, папулярызатара народнай культуры і грамадскага актывіста. Вядома толькі адно: яго падалі ў вышук на запыт МУС. Унясенне ў міжнародную базу вышуку азначае, што чалавека могуць затрымаць у Расіі і Беларусі, іншых дзяржавах-удзельніцах СНД, а таксама выдаць з тых краін, якія падтрымліваюць беларускі рэжым.
Жыхарка Дуброўна запісала відэаролік, дзе просіць сына вярнуцца з расійскай арміі
Вольга (аўтарка відэароліка) кажа, што на сувязь сын выходзіць з казармы, дзе шмат такіх самых маладых хлопцаў, у тым ліку беларусаў. Яна лічыць, што іх мэтанакіравана схіляюць да падпісання кантрактаў. Таму яна звяртаецца да Аляксандра Лукашэнкі з пытаннем, чаму беларускім хлопцаў дазваляюць пагаджацца на ўдзел у вайне, да якой Беларусь не мае дачынення. Яе сын Максім пад нікам “Беларус” адказвае ў каментарах, каб маці не хвалявалася. У яго на аватарцы – дзяржаўны беларускі сцяг.