Нядзеля, 20 Студзень 2019

Пробашчу катэдры ў Віцебску забаранілі служыць у Беларусі. Каталікі зьбіраюць подпісы

Ацаніць гэты матэрыял
(17 галасоў)
Пробашч віцебскай катэдры кс. Павал Кнурэк. Фота: vitkatedra.by Пробашч віцебскай катэдры кс. Павал Кнурэк. Фота: vitkatedra.by

За адзін дзень пад зваротам да Упаўнаважанага ў справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў Леаніда Гулякі падпісалася каля 300 чалавек. Віцебскія каталікі выказваюць незадавальненьне і патрабуюць, каб ім вярнулі іх духоўнага айца і пробашча парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску Паўла Кнурэка. Пазьней тэкст звароту быў апублікаваны на пляцоўцы Petitions.by.

Пробашч каталіцкай парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску ксёндз Павал Кнурэк, грамадзянін Польшчы, праслужыў у віцебскай катэдры крыху больш за год. У лістападзе 2018 году ён быў вымушаны пакінуць краіну, бо не атрымаў дазвол на далейшае служэньне ў Беларусі. Да прыезду ў Віцебск сьвятар больш за 16 гадоў узначальваў парафію Сьв. Апостала Андрэя ў Лынтупах (Пастаўскі раён).

Як расказваюць парафіяне, перад ад’ездам у Польшчу пробашч суцяшаў вернікаў. Казаў, што растаньне часовае і што цягам некалькіх месяцаў пытаньне можа вырашыцца і ён вернецца да паствы.

Але 13 студзеня пасьля ўрачыстай імшы Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч паведаміў парафіі, што ад Упаўнаважанага па справах релігій і нацыянальнасьцяў прыйшла чарговая адмова на працягненьне служэньня ў Беларусі. “Без тлумачэньняў прычын. І цяпер ужо канчаткова”, – удакладніў біскуп Алег Буткевіч.

Біскуп прызнаўся, што вельмі расчараваны адмовай і заклікаў вернікаў маліцца ў інтэнцыі ўладаў, каб яны былі больш адкрытымі да каталіцкага Касьцёлу і ягоных патрэбаў.

Парафіяне абвясьцілі збор подпісаў пад зваротам да Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леаніда Гулякі з просьбай перагледзець рашэньне аб непрацягненьні дазволу на служэньне ў Беларусі кс. Паўлу Кнурэку і дазволіць яму вярнуцца ў сваю парафію. Просяць таксама патлумачыць, зь якой прычыны было прынятае рашэньне аб забароне на яго служэньне ў нашай краіне.

За адзін дзень пад зваротам падпісалася каля 300 чалавек. Вернікі кажуць, што ў выпадку чарговай адмовы, будуць зьвяртацца ў Адміністрацыю прэзыдэнта.  

“Рашэньне не працягнуць дазвол на служэньне а. Паўла выклікае тым большае зьдзіўленьне, што ў апошнія гады нашая дзяржава яскрава дэманструе адкрытасьць сьвету. У 2018 годзе Указам Прэзыдэнта быў павялічаны тэрмін бязьвізавага знаходжаньня замежных грамадзян на тэрыторыі нашай краіны да 1 месяца. І зусім незразумела, як пры гэтым чалавек, які больш за 15 гадоў адпрацаваў у Беларусі на ніве духоўнага адраджэньня нашай Айчыны, пазбаўляецца права знаходзіцца і служыць на яе тэрыторыі. Упэўненыя, што такія забароны шкодзяць іміджу ўсёй краіны”, – гаворыцца ў звароце да Гулякі.

“І вельмі прыкра, што гэта адбываецца ў юбілейны для парафіі год, бо сёлета мы адзначаем 20-годдзе кансэкрацыі касьцёла Езуса Міласэрнага”, – пішуць віцебскія каталікі.

Запэўніваюць, што зусім не ўспрымалі а. Паўла Кнурэка як чужаземца, бо “адпраўляў набажэнствы, прамаўляў казаньні і размаўляў зь людзьмі на добрай беларускай мове”, выдатна ведаў нашую культура і ўсімі сродкамі спрыяў яе разьвіцьцю.

“Мы перакананыя, што для людзей, якія сеюць дабро, любоў і сапраўдную веру, Беларусь павінна заўсёды трымаць дзьверы адчыненымі. З таго, што яны раптам зачыняюцца перад кімсьці, вынікае, на наш погляд, толькі шкода ды напружанасьць у грамадзтве”, - гаворыцца ў звароце да Гулякі.

Нагадаем, падчас перадкаляднай прэс-канфэрэнцыі Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч зьвяртаў увагу на “пэўныя складанасьці з запрашэньнем сьвятароў з замежжа, ня толькі з Польшчы”. Казаў, што вакансіі сьвятароў у Віцебскай дыяцэзіі пакуль немагчыма кампэнсаваць ксяндзамі-беларусамі. Паводле Біскупа, на падрыхтоўчых курсах у духоўнай сэмінарыі навучаюцца зараз усяго два чалавекі з дыяцэзіі.

Паводле нашай інфармацыі, за апошнія тры гады (2016–2018) улады ня далі аніводнага дазволу на служэньне ў Віцебскай дыяцэзіі замежнікам – каталіцкім сьвятарам альбо манашкам.

Зьміцер Міраш