Віцебскі гарадзкі выканаўчы камітэт адмовіўся ўнесьці ў асобныя сьпісы на атрыманьне жылога памяшканьня сацыяльнага карыстаньня інваліда другой групы праваабаронцу Валера Місьнікава. Фармальнай прычынай таму стала даведка пра месца жыхарства і склад сям’і, выдадзеная Місьнікаву разьліковым цэнтрам № 4 дзяржаўнага прадпрыемства «ЖРЭТ Першамайскага раёну».

Дольшчыкі будаванага ў Віцебску на Маскоўскім праспэкце дому № 105 зьбіраюцца зьвярнуцца ў Камітэт дзяржкантролю, каб высьветліць, зь якой прычыны пастаянна пераносяцца тэрміны здачы іхнага жытла. Гэты дом у мікрараёне «Білева-2» пачаў будавацца ТАА «Будгандальсэрвіс» яшчэ ў 2010 годзе, і згодна з плянам будаўніцтва мусіла завяршыцца ў 2012 годзе. Аднак да канца падыходзіць трэці квартал ўжо 2013 году, а дольшчыкі так і не засяліліся ў свае кватэры.

Мэханізм рэалізацыі дзяржаўнага сацыяльнага заказу ў 2014 годзе плянуецца ўкараніць у шасьці раёнах Віцебскай вобласьці. Пра гэта паведаміла журналістам старшыня абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) Галіна Жаланава. Яна падкрэсьліла, што Віцебшчына актыўна ўключылася ў рэалізацыю новай рэдакцыі закону аб сацыяльным абслугоўваньні, бо ў жыхароў вобласьці існуе вялікая патрэба ў аказаньні розных відаў дапамогі. Гэта абумоўлена тым, што ў агульнай структуры насельніцтва рэгіёну доля пажылых людзей найвялікшая ў рэспубліцы.

У Віцебску адным з дамоў, якія будуюцца з парушэньнем нарматыўных тэрмінаў, зьяўляецца 180-кватэрны жылы дом у мікрараёне Білева-1 па праспэкце Маскоўскім, 103. Умяшаньне Камітэту дзяржкантролю дало магчымасьць зьнізіць кошт даўгабуду амаль на 6%, паведаміў начальнік упраўленьня кантролю галін гаспадаркі і грашова-крэдытнай сфэры КДК Віцебскай вобласьці Віктар Коцікаў.

У трох вёсках Віцебскага раёну - Ліпаўцы, Шапечына і Асінаўка - у насельніцтва канфіскавалі і зьнішчылі сьвіней, якія ўтрымліваліся ў асабістых прысядзібных гаспадарках. Матывуецца гэта нейкай эпідэміяй, але якой менавіта гаспадарам жывёл не паведамляецца. У Шапечына, бачачы журналіста з камэрай, людзі хаваюць вочы і адмаўляюцца гаварыць. Атрымоўваецца пагутарыць толькі з адным хлопцам - ён пацьвердзіў, што 19 чэрвеня ў іх вёсцы канфіскавалі ўсіх сьвіней, пагрузілі іх у прычэпы трактароў і павезьлі ў невядомым кірунку. Насельніцтву параілі асабліва не распаўсюджвацца аб здарэньні, калі ня хочуць непрыемнасьцяў на працы.