Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Натальля Ляпёшкіна забараніла партыі БНФ правядзеньне мітынгу, прымеркаванага да 27-х угодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Заяўку на правядзеньне мерапрыемства падаваў кіраўнік абласной партыйнай арганізацыі Леанід Аўтухоў.

Сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў накіраваў у адміністрацыю Кастрычніцкага раёну Віцебску заяўку на правядзеньне пікету 26 красавіка. Пікет прымеркаваны да 27-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Нагадаем, гэта не адзінае мерапрыемства, заплянаванае на 26 красавіка апазыцыйнымі палітыкамі ў Віцебску: раней заяўку на правядзеньне мітынгу падаваў абласны старшыня партыі БНФ Леанід Аўтухоў.

Віцебскія актывісты атрымалі ліст ад “хуткай дапамогі”, якая адмовілася ад дзяжурства на пікеце 12 красавіка. Прычына адмовы – занятасьць мэдыкаў на спаборніцтве па боксе. Мінулым разам лекары цэнтральнай паліклінікі спасылаліся на “ўспышку сэзонных захворваньняў” у Дзень Волі і ня сталі заключаць дамову з актывістамі на гэтай падставе. А без дамоваў пікеты не дазваляюць.