Віцебскі сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў падаў заяўку ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёну Віцебску на правядзеньне 14 верасьня пікету. Мэта меркаванай акцыі: давядзеньне да сьвядомасьці грамадзян – жыхароў гораду інфармацыі пра «небясьпеку для незалежнасьці Беларусі дазволу ўладамі разьмяшчэньня вайсковых баз імпэрскай Расеі ў нашай краіне».

Прававы інспэктар прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці па Віцебскай вобласьці Валер Місьнікаў накіраваў у адміністрацыю Чыгуначнага раёну абласнога цэнтру заяўку на правядзеньня пікету. У ёй возьме удзел адзін чалавек. Акцыя павінна адбыцца 8 верасьня ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў – месцы, адмыслова вызначаным уладамі для правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Хрыстафор Жаляпаў, каардынатар руху “За свабоду” па Віцебскай вобласьці, атрымаў адказ на калектыўны ліст ад намесьніка старшыні аблвыканкаму А. Дзівуліна. Больш як 40 мясцовых жыхароў прасілі адмяніць рашэньне гарвыканкаму наконт парадку правядзеньня масавых акцыяў. Адказ чыноўнікаў аблвыканкаму – адмоўны.

Заяўкі былі пададзеныя на 4 пікеты, якія віцебскія праваабаронцы меркавалі зладзіць 4 жніўня. У гэты дзень споўніцца два гады, як кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі знаходзіцца за кратамі. Заяўнікам Паўлу Левінаву і Леаніду Сьвеціку мясцовыя ўлады не далі дазволу на пікеты салідарнасьці зь Бяляцкім. Абодва праваабаронцы атрымалі адмовы на падставе таго, што яны не заключылі дамоваў на абслугоўваньне акцыяў, як гэтага патрабуе рашэньне гарвыканкаму № 881.

На прыём да намесьніка старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Цярэнцьева хацелі трапіць прадстаўнікі грамадзкіх стрктур, якія прапануюць ініцыяваць “Народны рэфэрэндум” – Юрась Губарэвіч, Андрэй Дзьмітрыеў і Аляксей Янукевіч, якія прыехалі зь Менску, а таксама віцебскія актывісты Хрыстафор Жаляпаў, Аляксей Гаўруцікаў і Лідзія Сагідуліна. Пасьля доўгіх спрэчак да чыноўніка прапусьцілі толькі трох актывістаў. А прадметам размовы была немагчымасьць атрымаць дазвол на правядзеньне масавых мерапрыемстваў.