Віцебскі лекар Ігар Пастноў, якога прымусова лечаць у псыхіятрычным шпіталі, 29 жніўня падпісаў касацыйную скаргу супраць прымусовага псыхіятрычнага лячэньня, складзеную адвакатам, якога дапусьцілі да яго. У гэты ж дзень да Ігара Пастнова ўпершыню пусьцілі праваабаронцаў - Паўла Левінава і Пятра Іванова.

Карэспандэнту TUT.BY ўдалося пабываць у Віцебскім абласным клінічным цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі і пагутарыць з галоўным лекарам гэтай мэдычнай установы Аленай Мартынавай. Ігар Пастноў праходзіць лячэньне ва ўмовах псыхіятрычнага стацыянару з асаблівым рэжымам назіраньня. Ён ляжыць у аддзяленьні № 2, якое носіць назву “першага псыхатыпічнага эпізоду”. Уваход у гэтае аддзяленьне адразу ж зачыняецца на ключ - пасьля таго , як туды нехта ўвойдзе ці выйдзе.

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International заступілася за віцебскага лекара Ігара Пастнова, зьмешчанага згодна з рашэньнем суду ў вар’ятню дзеля прымусовага лячэньня. Арганізацыя заклікала ўсіх неабыякавых да тэрміновай акцыі: напісаць на беларускай, расейскай, ангельскай або сваёй роднай мове лісты на адрас міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Васіля Жарко і генпракурора Аляксандра Канюка.

Прадстаўнікі розных дэмакратычных структур зьбіраюць подпісы пад зваротам да пракурора вобласьці, дзе просяць вынесьці пратэст на рашэньне суду, згодна зь якім віцебскага лекара Ігара Пастнова зьмясьцілі ў псыхіятрычны шпіталь. Праваабаронцы прапануюць правесьці пікеты салідарнасьці з Пастновым, якому пастаўлены дыягназ «хранічнае разладзьдзе з трызьненьнем» пасьля крытычных выступаў пра стан і дзейнасьць мясцовых мэдычных установаў і пазыцыю старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца.

Ігар Пастноў заключыў дамову з адвакатам на складаньне касацыйнай скаргі на рашэньне суду Віцебскага раёну. Адвакат складзе скаргу пасьля дэталёвага знаёмства з рашэньнем судзьдзі Тацьцяны Дзегцяровай, вывучэньня акалічнасьцяў судовага працэсу, на якім не было ні самога Пастнова, ні яго абаронцы, а толькі судзьдзя і намесьнік галоўурача віцебскага абласнога псыхіятрычнага шпіталя спадар Панамароў. Потым ён завязе касацыйную скаргу на подпіс да Ігара Паснова, які ўжо больш за тыдзень утрымліваецца ў псыхіятрычным шпіталі.