Аргкамітэт па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” (БХД) заклікае ўсе незалежныя дэмакратычныя арганізацыі Беларусі прызнаць віцебскага лекара Ігара Пастнова вязьнем сумленьня. “БХД выказвае рашучы пратэст супраць выкарыстаньня псыхіятрычных лячэбных устаноў Беларусі з рэпрэсіўнымі мэтамі, — адзначаецца ў паведамленьні прэс-службы. — Мы зьвяртаем увагу на тое, што ў Беларусь вяртаецца савецкая практыка карнай псыхіятрыі. Віцебскага доктара Ігара Пастнова, які неаднаразова выступаў з крытыкай улады, ужо амаль месяц прымусова ўтрымліваюць у псыхбольніцы”.

Касацыйная скарга віцебскага лекара Ігара Пастнова наконт накіраваньня яго на прымусовае лячэньне ў абласны цэнтар псыхіятрыі і наркалёгіі пакінутая без задавальненьня, паведаміў мясцовы праваабаронца Леанід Сьвецік. Скарга была разгледжаная 12 верасьня Віцебскім абласным судом у закрытым рэжыме. Пастноў прасіў адмяніць рашэньне суду Віцебскага раёну і запрасіць яго на разгляд уласнай скаргі. Абедзьве просьбы задаволеныя не былі.

Ігар Пастноў напісаў скаргу ў пракуратуру, якую перадаў для адпраўкі віцебскаму палітыку Сяргею Рыжову – сваёй даверанай асобе. Аднак ужо ў гэтай якасьці Рыжову забаронена сустракацца зь Ігарам Пастновым, зьмешчаным у віцебскім абласным цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі пасьля зьяўленьня ў інтэрнэце некалькіх ягоных крытычных відэавыступаў.

9 верасьня віцебскі актывіст Сяргей Рыжоў атрымаў падпісаную лекарамі віцебскага абласнога псыхіятрычнага шпіталя даверанасьць прадстаўляць інтарэсы лекара Ігара Пастнова, зьмешчанага на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Але празь некалькі гадзінаў яму паведамілі, што забараняюць сустракацца з Пастновым.

Віцебскі лекар Ігар Пастноў, які знаходзіцца на прымусовым лячэньні ў абласным цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі, просіць перавесьці яго ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар псыхічнага здароўя ў Навінках. Пра гэта паведамілі віцебскія праваабаронцы Пётар Іваноў і Леанід Сьвецік, якія сустрэліся з Постновым 5 верасьня.