Пастаянна дзеючы кансультацыйны орган зь ліку тых прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці, што балятаваліся ў мясцовыя органы ўлады на мінулых выбарах, мяркуецца стварыць у Воршы. Пра гэта паведаміў Алесь Шутаў (на фота), сябра партыі БНФ і ўдзельнік кампаніі «Гавары праўду». «Рада народных прадстаўнікоў» – гэткую папярэднюю назву мае ствараны орган.

У Воршы ў межах кампаніі “Рада народных дэпутатаў” да актывістаў “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі” зьвярнуліся жыхары дамоў №№ 3, 5, 7 па вуліцы Сьвярдлова з просьбай дапамагчы і сумеснымі намаганьнямі прымусіць гарадзкія ўлады выканаць узятыя на сябе забавязаньні, а менавіта - прывесьці ў парадак дваровыя тэрыторыі гэтых дамоў. Больш за 100 подпісаў было сабрана пад зваротам да першага намесьніка старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту Ўладзімера Навацкага.

Віцебскія актывісты аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Тацьцяна Севярынец і Алена Шабуня перадалі ў Камітэт дзяржкантролю 945 подпісаў на 48 падпісных аркушах за будаўніцтва сьмецьцеперапрацоўчага камбінату. Подпісы былі сабраныя падчас мясцовай кампаніі: як падчас збору подпісаў, так і агітацыйнай кампаніі. Прымаў іх у КДК Віталь Сьцяпанаў, які ўсю размову з актывісткамі запісаў на дыктафон.

У склад Генэральнай рады па стварэньні міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «За Сумленную ўладу» ўвайшлі 12 чалавек. «Як 12 апосталаў», – пажартаваў на ўстаноўчым сходзе ініцыятар стварэньня арганізацыі Пётар Іваноў. Сярод тых, хто увайшоў у раду, апроч Пятра Іванова, ёсьць і іншыя вядомыя ў Віцебску актывісты – такія як, напрыклад, доктар Ігар Пастноў.

На сустрэчы актывістаў з кіраўніцтвам Полацку намесьнік старшыні райвыканкаму Аляксандар Міхалевіч цьвёрда паабяцаў, што дрэвы прывакзальнага сквэру будуць захаваныя пры любых абставінах. Будаўніцтва, якое вядзецца ля вакзалу, дрэвы не закране. Прыём полацкіх грамадзкіх актывістаў, якія абараняюць зялёныя насаджэньні, прадстаўнікамі гарадзкіх уладаў адбыўся 11 сьнежня.