Праваабаронца Павал Левінаў дамагаецца пачатку адміністрацыйнага працэсу ў дачыненьні да газэты «Аптечка Еламеда». На думку Левінава, выдаўцы і распаўсюджвальнікі газэты, якая зарэгістраваная ў Расеі, павінны быць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці за яе незаконны выраб і распаўсюд на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Старшыня першаснай арганізацыі СПБ «Шкловалакна» Віктар Стукаў падаў у абласны суд скаргу на вызначэньне Полацкага гарадзкога суду, які 18 жніўня адмовіўся разглядаць справу аб дыскрымінацыі па прыкмеце членства ў адным або іншым прафсаюзе.

Суд Полацку 18 жніўня адмовіўся разглядаць пазоў супраць ААТ «Полацак-Шкловалакно» аб ліквідацыі дыскрымінацыі ў працоўных адносінах. Заяву ў суд накіроўваў старшыня Свабоднага прафсаюзу рабочых заводу «Шкловалакно» Віктар Стукаў (на фота). Гэта быў паўторны зварот у суд па наноў адкрытых абставінах, аналягічная адмова суду ў судовай абароне была ў сакавіку 2013 году.

Лекцыя «Права на Мову» адбылася 22 ліпеня ў Наваполацку, у офісе мясцовай філіі Правабарончага цэнтру «Вясна». Яе правёў вядомы лінгвіст і грамадзкі дзяяч Вінцук Вячорка. Падчас лекцыі разглядаліся праблемы дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце падчас зваротаў у органы дзяржаўнай улады, мэтодыкі адстойваньня правоў на адукацыю на беларускай мове і інш. На найбліжэйшы час заплянаваны круглы стол, падчас якога будуць абмеркаваныя дакладныя захады ў Наваполацку па абароне правоў на карыстаньне беларускай мовай.

Актывіст Партыі БНФ Кастусь Смолікаў напісаў у аблвыканкам электронны зварот: прапанаваў, каб на інтэрнэт-сайце аблвыканкаму была беларускамоўная вэрсія. Адказ ад ідэалягічнага аддзелу быў кароткі: сайт быў і будзе толькі на расейскай мове. Бо гэта не супярэчыць заканадаўству. А інтарэсы грамадзян ніхто ўлічваць не зьбіраецца.