У Віцебску адбылася сустрэча старшыні Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Аляксандра Бухвостава з рабочымі гарадзкіх прадпрыемстваў і арганізацыяў. На сходзе, у прыватнасьці, абмяркоўвалася становішча спраў на віцебскіх заводах. Працоўны зь «Віцязя» ў сваёй прамове адзначыў, што некалі вядомы ўсім завод тэлевізараў зараз «ледзь бачны».

Прыкладна 50% індывідуальных прадпрымальнікаў Віцебскай вобласьці падалі ў падатковыя органы «нулявыя дэклярацыі» напярэдадні ўступленьня ў сілу з 1 ліпеня ўказу Лукашэнкі № 222 аб рэгуляваньні дзейнасьці ІП. Такія дэклярацыі падаюцца ў выпадку адсутнасьці выручкі. Пра гэта БелаПАН паведаміла старшыня аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу «Разам», віцебская прадпрымальніца Ірына Яскевіч.

Як мы пісалі раней, 24 чэрвеня у Полацку зь вялікім посьпехам адбылася прэзэнтацыя кнігі Ўладзімера Арлова «Ад Полацка пачаўся сьвет. My Polacak, the Cradle of the World». Але, як паведаміў пісьменьнік, сьвяточнае ўражаньне ягоных сяброў і чытачоў было азмрочанае барбарскай вылазкай беларусафобаў.

Налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў Віцебскай вобласьці ў апошнім вясновым месяцы склала 5.393.079 і за месяц вырасла на 208.095 рублёў.

Віцебскі псыхіятар-нарколяг Ігар Пастноў зьвярнуўся з адкрытым лістом да дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя Аляксандра Старцава, у якім просіць яго “асабіста разабрацца ў фактах выкарыстаньня беларускай псыхіятрыі з карнымі мэтамі”. Тэкст ліста разьмешчаны на сайце freeregion.info.

Журналістам з Глыбокага на адкрытым судовым працэсе не дазволілі весьці аўдыёзапіс. Пра гэта ў камэнтары Эўрарадыё распавёў журналіст Зьміцер Лупач.

Больш за два дзесяткі жанчын узялі ўдзел у асьветніцкім сэмінары, прысьвечаным тэме рознага кшталту гвалту ў сям’і. Прадстаўніцы слабага полу пазнаёміліся з паняцьцем «гендэр», навучыліся адрозьніваць віды гвалту, пачулі статыстыку яго праяваў у беларускіх сем’ях. Прамаўляла ня толькі вядоўца сэмінару – старшыня Барысаўскага жаночага сацыяльнага аб’яднаньня «Правінцыя» Аўтушка Алена Мікалаеўна, але і самі ўдзельніцы: прыводзілі прыклады, дзяліліся сваім меркаваньнем.

Хрыстафор Жаляпаў, каардынатар па Віцебскай вобласьці ПАГА «Рух “За свабоду”», Аляксей Гаўруцікаў - давераная асоба колішняга кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, а цяпер палітвязьня Статкевіча Мікалая Віктаравіча, Ян Дзяржаўцаў, сябра КХП БНФ, і Кастусь Смолікаў, намесьнік Віцебскай абласной рады партыі БНФ падалі заяву ў Віцебскі гарвыканкам аб правядзеньні вулічнага шэсьця і мітынгу. Імпрэзы заплянаваныя на 27 ліпеня.

У распараджэньне інтэрнэт-рэсурсу «Народныя навіны Віцебска» трапіла копія дакумэнту, дзе паведамляецца, што па прапанове упраўленьня аховы здароўя аблвыканкаму і абласнога камітэту прафсаюзу работнікаў аховы здароўя ў Дзень мэдычнага работніка мэдыкі Віцебскай вобласьці пералічваюць частку дзённага заробку анкадыспансэра на закупку абсталяваньня.

Суд адмовіў пяршоўцы Беларускага Незалежнага прафсаюзу (БНП) работнікаў ААТ «Нафтан» у задавальненьні патрабаваньня да гарвыканкаму скасаваць рашэньне аб ануляваньні рэгістрацыі дадатковага пагадненьня, падпісанага зь незалежным прафсаюзам.