Аўторак, 27 Кастрычнік 2015

Палітоляг Андрэй Ляховіч падзяліўся зь віцебчукамі сваім бачаньнем сытуацыі ў краіне (відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

24 кастрычніка падчас сустрэчы з наведнікамі віцебскага «Эўрапейскага клюбу» менскі палітоляг Андрэй Ляховіч зрабіў прагноз, што ніякіх значных зьменаў у палітычнай сфэры пасьля прэзыдэнцкіх выбараў чакаць ня трэба.

Падаем коратка тэзы, выказаныя спадаром Ляховічам падчас сустрэчы.

Гэтыя прэзыдэнцкія выбары былі цікавыя тым, што ніякіх заяваў з боку ўлады пра палітычную лібэралізацыю пасьля прэзыдэнцкіх выбараў не было. І гэта нягледзячы на тое, што перад выбарамі Захад зрабіў шэраг крокаў насустрач Лукашэнку. Сярод іншага, двойчы былі скарочаныя сьпісы чыноўнікаў, на якіх раней былі накладзеныя санкцыі.

Па-другое, Захад досыць моцна актывізаваў палітычныя кантакты, калі паглядзець на ўзровень тых асобаў, якія прыязджалі ў афіцыйны Менск у 2015 годзе і казалі Лукашэнку пра вызваленьне палітычных зьняволеных, пра пэўныя крокі лібэралізацыі.

Што яшчэ цікава: у верасьні 2015 году Лукашэнка, прыехаўшы на саміт ААН, сфатаграфаваўся з Баракам Абамам і ягонай жонкай, і гэта пры тым, што туды прыехала больш за 150 кіраўнікоў урадаў і дзяржаваў. Гэтая фотасэсія ёсьць таксама пэўным сыгналам для тутэйшай улады. Гэткім чынам яму хацелі сказаць, што Захад пазытыўна ацаніў той факт, што кіраўнік Беларусі не падтрымаў Расею ў агрэсіі супраць Украіны.

Якія крокі са свайго боку Лукашэнка зрабіў насустрач Захаду?

Найважнейшы крок быў зроблены пры канцы жніўня: былі вызваленыя палітычныя вязьні. Але нягледзячы на тое, што на Захадзе казалі, што гэта важны крок у паляпшэньні стасункаў, там добра разумелі, што ён нічога ня значыць, бо гэта такая звычайная гульня Лукашэнкі з Захадам, і заўтра ўсе былыя зьняволеныя могуць лёгка вярнуцца за краты.

Заявы Лукашэнкі пра перафарматаваньне АБСЭ былі яшчэ адным сыгналам, што ніякіх значных зьменаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў чакаць ня трэба. Перад гэтым яшчэ была заява пра індывідуальны падыход да ўдзелу ва «Ўсходнім партнэрстве», то бок Беларусь будзе весьці размовы толькі па тых пытаньнях, якія Лукашэнку цікавыя: інвэстыцыі, крэдыты, павелічэньне таваразвароту... І ніякай палітычнай лібэралізацыі.

Вынік прэзыдэнцкіх выбараў

Ярмошына намалявала Лукашэнку 83,5 адсотку. Чаму? Неяк яна заявіла: « Маім працадаўцам зьяўляецца прэзыдэнт». Дык вось, працадаўца пажадаў, каб быў менавіта такі адсотак. Дарэчы, перад прэзыдэнцкімі выбарамі ён заяўляў: «Я хачу, каб на прэзыдэнцкіх выбарах за мяне прагаласавала 80 адсоткаў, бо менш – гэта зусім несур'ёзна». Маўляў, хто яго будзе сур'ёзна ўспрымаць, калі ў яго ня будзе 80 адсоткаў. Хаця гэткі вынік прэзыдэнцкіх выбараў цалкам беспрэцэдэнтны нават для краінаў Усходняй Эўропы. Нават Пуціну на мінулых выбарах намалявалі толькі каля 70%.

Які пасыл Захаду скіраваў Лукашэнка праз свае 83,5 адсотку?

Па-першае, гэта азначае – ніякай палітычнай лібэралізацыі цягам бліжэйшых гадоў ня будзе.

Я зараз рызыкну і зраблю палітычны прагноз на пяць гадоў наперад: ніякіх вольных выбараў цягам найбліжэйшых пяці гадоў ня будзе. Гэта тычыцца і парлямэнцкіх выбараў, і таксама мясцовых выбараў. Намаляваўшы сабе гэткую вялікую падтрымку, ён хоча сказаць, што на парлямэнцкіх і мясцовых выбарах пройдуць выключна тыя кандыдаты, якія правільна думаюць.

Але  б я не казаў, што вынікі выбараў –  гэта нейкае адлюстраваньне ўнутрыпалітычных беларускіх падзеяў. Яны ўсяго толькі – частка дыялёгу Лукашэнкі з Захадам.

І гэта ёсьць пэўны сыгнал Захаду. Прыгадаем эпізод  з 2010 году, калі журналістка задала Лукашэнку пытаньне: «Што было б, калі б у парлямэнт прайшло 10-15 апазыцыйных кандыдатаў?» Ён адказаў: «Мы, вядома, маглі б пусьціць у парлямэнт 15 апазыцыянэраў. Захад спачатку быў бы задаволены, але потым запатрабаваў бы большага». Канец цытаты. То бок усё будзе як тады.

Наконт палітычнай лібэралізацыі

Трэба памятаць, што апроч лібэралізацыі выбарчай сыстэмы Захад мае да Лукашэнкі і іншыя патрабаваньні: гэта спыненьне практыкі палітычна матываваных звальненьняў з працы, гэта цывілізаваныя ўмовы для працы журналістаў, гэта рэгістрацыя грамадзкіх арганізацыяў і шмат чаго іншага... Мой прагноз на гэты конт таксама сумны: Цягам найбліжэйшых пяці гадоў ніякіх зьменаў ня будзе.

Падзеі апошняга часу паказваюць: Лукашэнка бярэ курс на поўнае паляпшэньне стасункаў з Захадам, але на ягоных умовах, прапануючы Захаду своеасаблівы геапалітычны кантракт.  Пра гэта сьведчыць нэўтральная пазыцыя наконт Украіны, гэта ягоны пасыл пра фармальнасьць ягонай ролі ў хаўрусе з Расеяй: войск у Цэнтральную Азію не пасылаем, базаў не разьмяшчаем – давайце разьвіваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, а вось палітычнай лібэралізацыі ня трэба.

І яшчэ адзін козыр Лукашэнкі: ён палохае і нас, і Захад Майданам. Маўляў, будзе лібэралізацыя –  будзе Майдан. Вось глядзіце, кажа ён, у 2010 годзе была лібэралізацыя, і, як вынік, штурм Дому ураду.

Атрымаецца ў яго дыялёг з Захадам, альбо не – невядома, але ён разлічвае, што атрымаецца.

Да таго ж Захад даў некалькі сыгналаў, што ён занятую ім геапалітычную пазыцыю цэніць.

Наконт вызваленьня палітычных вязьняў

Прагноз тут таксама сумны. Вельмі шмат будзе залежыць ад вынікаў размовы Лукашэнкі з Захадам, з МВФ. Калі яны пойдуць на супрацоўніцтва, то ён атрымае яшчэ большую ўпэўненасьць, што з Захадам можна размаўляць на ўмовах гэтага геапалітычнага кантракту.  Пасьля чаго, хутчэй за ўсё, гэты палітычны перапынак, калі ў Беларусі няма палітычных вязьняў, неўзабаве скончыцца. Зноў за кратамі будуць тыя самыя людзі. Я лічу, што гэтая паўза ня будзе працяглай.

Яшчэ адзін чыньнік на карысьць верагоднасьці сумнага прагнозу: у Беларусі вялікі штат так званых сілавых структур (на сто тысяч насельніцтва  прыпадае 1140 супрацоўнікаў – гэта найвялікшая колькасьць у сьвеце). Дзяржава як была рэпрэсіўная, гэтак і засталася.

Да таго ж Лукашэнка напалоханы прыкладам Кадафі. Тут, вядома, шмат чаго ірацыянальнага, але так ці інакш жах дыктатараў, якія былі зрынутыя, у яго прысутнічае.

Якія зьмены ўсё-такі адбыліся?

Тэму ўнутранай палітыкі можна завершыць невялікім эканамічным аналізам. Апошнім часам эканамісты кажуць, што менавіта тут ёсьць пэўныя зьмены. Сёлета не было гаспадарчага палітычнага цыклу. Раней заўжды перад выбарамі, без увагі на эканамічныя чыньнікі, адбывалася падвышэньне заробкаў. Сёлета заробкі, наадварот, упершыню скараціліся. Упершыню адбыліся і звальненьні эканамічна непатрэбных працоўных. Прычым звальненьні былі значнымі. Упершыню тэмп інфляцыі быў 1% у месяц, а не такі вялікі, як раней. То бок упершыню на працягу году праводзілася больш-менш нармальная эканамічная палітыка, хаця, вядома, ніякіх структурных эканамічных рэформаў няма. Я мяркую, што гэтая тэндэнцыя на рэалістычную эканамічную палітыку, але без структурных эканамічных пераўтварэньняў, будзе працягвацца. Заробкі, як раней, расьці ня будуць. Такую ўзважаную палітыку можна патлумачыць як неабходнасьцю атрымаць крэдыт ад МВФ, так і абсалютнай упэўненасьцю, што ніякіх сацыяльных выбухаў нават у гэткай няпростай сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ня будзе.

Апроч згаданых тэмаў, у сваім выступе перад віцебчукамі палітоляг закрануў шэраг важных момантаў, што да беларуска-расейскіх узаемадачыненьняў, а таксама стасункаў Беларусі з Кітаем.

С. Горкі, Віцебская вясна