Андрэй Панкрат – рэдактар раённай газеты “Веснік Глыбоччыны”, які быў раней простым рабочым на будоўлі, а пасля дзякуючы жаніцьбе на дачцэ былой рэдактаркі глыбоцкай раёнкі (з якой паспеў развесціся), выбіўся ў карэспандэнты і затым у рэдактары. А пасля вырашыў, што можа ганьбіць незалежных журналістаў і пачаў разважаць на тэму: ці можна верыць незалежным СМІ. Праўда, перад гэтым павыдаляў усе свае фотаздымкі, нават на сайце раённай газеты, якую ён узначальвае. Відаць, усё ж было сорамна пісаць падобныя памфлеты, не хоча “свяціць свой твар”, дарэчы, у адрозненне ад незалежных журналістаў. Але тое, што напісана ў інтэрнэце, ужо нікуды не дзенецца і адказваць усё адно за свае словы прыйдзецца.

Першай стартавала ў дадзеным накірунку «Аршанская газета», даўшы слова Віталю Дудараву, намесніку гендырэктара прадпрыемства «Оршакомхоз», не зазначыўшы, праўда, што спадар з“яўляецца намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце, і Надзеі Каралёвай, інжынеру па ахове працы і пажарнай бяспецы ААТ «Оршаагропроммаш». Знайсці новыя твары для чарговай ідэалагічнай кампаніі рэдакцыя не парупілася, і чытачы пазналі ў гэтых асобах старых знаёмцаў, якія і раней з“яўляліся на старонках газеты ў падобнай ролі. 

У Браславе прайшла «лятучка» для рэдактараў рэгіянальных дзяржаўных СМІ Віцебскай вобласці. Арганізатарам імпрэзы стала галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкаму, і чыноўнікі прапанавалі абмеркаваць праблему, сфармуляваную як «Стан і развіццё сучасных рэгіянальных СМІ ва ўмовах трансфармацыі медыясферы». Але прафесійная размова была толькі часткай праграмы: рэдактараў з усёй вобласці вазілі па аграсядзібах і турыстычных цікавостках – на гару Маяк, у парусную школу «BraslavWave», іх паказальна кармілі беларускімі прысмакамі... Час правялі няблага, як цяпер дзеляцца ўражаннямі ўдзельнікі прэс-тура. А што ж вырашылі наконт «стану і развіцця сучасных рэгіянальных СМІ»?

Галіна Жукава, рэдактарка раённай газеты «Чырвоны прамень» вырашыла выказацца наконт адзначэння Дня Перамогі. А заадно паўшчуваць Украіну за тое, што 9-га траўня там адзначаюць не на савецкі капыл, а «на европейский манер отмечают День победы над нацизмом во Второй мировой войне и День памяти и примирения». Спадарыня Жукава лічыць гэта здрадай памяці загінулых. А што да прыбалтыйскіх краін, то там, маўляў, і ўвогуле ставяць помнікі нацыстам, а па вуліцх маршыруюць «легионеры СС и их поклонники».

Чыноўнікі Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама 28 красавіка падвялі вынікі штогадовага абласнога конкурсу сярод журналістаў і рэдакцый СМІ. У намінацыі ”Лепшы творчы праект у тэлевізійным, радыёвяшчальным СМІ“ адзначаны відэа праекты: “Па той бок змагання”, “Назаўжды”, “Дзіцячыя твары вайны”. Гэтыя ідэалагічныя прадукты вырабілі журналісты дзяржаўнага прадпрыемства "Наваполацкае кабельнае тэлебачанне "Вектар" для ваенна-патрыятычнага тэлеканала "Звязда", які мае 5,78 тыс. падпісчыкаў. Неабходна адзначыць, што гэтыя ідэалагічныя праекты аказаліся правальнымі, з пункту гледжання праглядальнасці.