Чацвер, 02 Май 2024

За распаўсюд «экстрэмізму» ў сацсетках улады арыштавалі прадпрымальніка

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Суд Першамайскага раёна Віцебска Алена Жук 9 красавіка за распаўсюд «экстрэмісцкіх» публікацый у сацыяльнай сетцы арыштавала на трое сутак бацьку двух малалетніх дзяцей індывідуальнага прадпрымальніка Руслана Грахоўскага.

У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні быў адлюстраваны факт таго, што Руслан на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» меў інфармацыю з інфармацыйных суполак: "Афіцыйная група Хартыі'97", "STOP LUKA" і "Краіна для жыцця", якія ўлады залічылі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У судовым паседжанні мужчына сваю віну не прызнаў і растлумачыў, што з прычыны вялікага аб'ёму інфармацыі, якая захоўваецца на старонцы, не памятае, каб меў названыя супольнасці, але мог выпадкова падпісацца на іх. Пры гэтым сцвярджаў, што не падтрымліваў дзейнасць гэтых экстрэмісцкіх суполак.

Аднак суддзя Жук палічыла, што вінаватасць прадпрымальніка даказана і на падставе ч.2 арт. 19.11 КаАП арыштавала Грахоўскага на тэрмін у трое сутак.

Канстанцін Лебедзеў